Пенсіянер з Нарвегіі чакае суда ў брэсцкім СІЗА
Ілюстрацыя / udf.by
71-гадовы нарвежскі аматар ваеннай гісторыі Даг Вівестад прыехаў у Брэст, каб падарожнічаць па месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, а замест гэтага трапіў у СІЗА па падазрэнні ў дзеяннях сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетняй. Пляменніца Вівестада Каміла Гледзіц праз Фэйсбук звярнулася па дапамогу.
Паводле яе слоў, 29 верасня 2019 года Даг і яго прыяцель сустрэлі ў гатэлі 10-гадовую дзяўчынку з малодшымі братамі, якая была запрошаная на вяселле, што там адзначалася. Нарвежца здзівіла, што яна добра гаворыць па-англійску, і ён загаварыў з ёй. Гутарка доўжылася каля дзвюх хвілін. Пасля гэтага мужчыны, што першыя выскачылі з кавярні, збілі Вівестада і яго сябра, а потым на месца падзей прыехала міліцыя.
Так нарвежац апынуўся ў брэсцкім СІЗА. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пляменніца перажывае за сваяка і кажа, што ў яе ёсць запіс з камеры відэаназірання, адкуль зразумела, што Вівестад да дзяўчынкі не дакранаўся.
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Еўрарадыё пацвердзілі, што супраць нарвежца сапраўды была распачатая крымінальная справа.
"У ходзе расследавання да абвінавачанага з санкцыі пракурора ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, — расказвае Еўрарадыё Дзмітрый Іванюк, афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці. — Крымінальная справа ў снежні 2019 года перададзеная пракурору для накіравання ў суд, у сувязі з чым яе каментаванне ў цяперашні час не ўваходзіць у кампетэнцыю Следчага камітэта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.