Памежная ахова Латвіі: мігранты пераключыліся з Літвы і Польшчы на Латвію
Гібрыдныя атакі мігрантаў апошнім часам пераключыліся з Літвы і Польшчу на Латвію, лічыць памежная служба гэтай краіны. У некалькі разоў павялічылася колькасць спробаў незаконна перайсці беларуска-латвійскую мяжу, піша bb.lv.
Яшчэ тыдзень таму такіх нелегальных спробаў было каля 20 за суткі. Ужо ў гэты панядзелак такіх спробаў было 56, у аўторак — 83, у сераду — 69.
Памежнікі кажуць, што мігранты ўсё лепш і лепш аснашчаныя. "У іх ёсць нажніцы, якія рэжуць метал. Адна група была ў высокіх рыбалоўных ботах і ішла ўздоўж берага возера. Нашы суседзі прыкладаюць намаганні да таго, каб дапамагчы парушальнікам незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Латвіі", — кажа начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс.
Памежнікі зарэгістравалі два выпадкі пашкоджання агароджы на мяжы, аднак трапіць на тэрыторыю Латвіі парушальнікі не змаглі.
Дарэчы, на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой колькасць нелегальных спробаў перайсці мяжу апошнім часам змяншаецца. На думку Пуятса, беларускія ўлады шукаюць больш слабое месца ў ахове межаў ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.