“Памежнік заплакаў: гэтыя машыны ратуюць”. Шматдзетная маці ганяе аўто для УСУ

Марына Кіявец

Марына Кіявец / фота суразмоўніцы Еўрарадыё

“Мама, мы цябе любім”, — пішуць дзеці Марыне Кіявец, калі яна гоніць у Кіеў машыну для ЗСУ. І дакладаюць: партфель у школу склалі.

Яшчэ некалькі гадоў таму Марына жыла на Палессі, у Іванаве. Побач ужо ішла вайна. Жанчына намагалася дапамагчы суседзям-украінцам, чым магла — фатаграфавала ўсе перамяшчэнні вайсковай тэхнікі.

У выніку сілавікі затрымалі яе на вачах у дзяцей. Калі саджалі ў бус, муж спытаў: “Ну што, дапрыгалася?” Марына не змагла дараваць яму гэтага пытання і пасля вызвалення з ізалятара разам з дзецьмі з’ехала ў Польшчу.

Працавала таксісткай “Убера”, пакуль не адчула небяспеку: падчас адной з паездак Марына падумала, што можа проста не вярнуцца дадому, і пасля таго сышла.

Але ў дзень, калі мы сустракаемся, Марына зноўку за рулём. Не ў “Уберы” — яна пераганяе з Польшчы ва Украіну валанцёрскія машыны, якія потым кіруюцца на фронт. Для спецпраекта Еўрарадыё “Як ты?” Марына распавяла, што кажа дзецям, калі едзе ва Украіну. І чаму ніколі не распавядзе бацькам праўду пра тое, што ўбачыла ў Ірпені.

"Мяне называюць Марысяй. Я ганяю машыны для ЗСУ"

Гераіні гэтага відэа патрэбная дапамога. Ужо пасля пераезду ў Польшчу ў яе сярэдняга сына дыягнаставалі аўтызм, і яму патрэбная рэабілітацыя. Калі вы жывяце ў ЕC, можаце пералічыць частку сваіх падаткаў на рэабілітацыю Сашы. Дзеля гэтага накіруйце іх у Fundacija Avalon (увядзіце нумар КРС 0000270809, зрабіўшы допіс KIYAVETS, 20342). А можна проста дапамагчы хлопчыку адаптавацца, заданаціўшы тут.


Я кажу, што ўсё добра, каб сабе самой не рабіць балюча

Калі Марына едзе за рулём ад польскага Беластока да ўкраінскага Кіева, яна слухае песню беларускай спявачкі Palina — “Як ты?”

Як ты без мяне там,
Як я без цябе тут?
Пачуццём чалавека
Цягне сэрца ў родны кут.

Калі Марына слухае гэтую песню, яна плача. Але калі нехта задае ёй пытанне “Як ты?” — усміхаецца. Усміхаецца і кажа, што ўсё добра.

— Я кажу, што ўсё добра, каб сабе самой не рабіць балюча. Каб не капацца ў тым, як я.

Пасля ад’езду яна згубіла магчымасць стасавацца нават з сябрамі — у маленькім горадзе палітычны актывіст “радыеактыўны”. Усе бачаць, з кім ты сябруеш, і могуць не дараваць гэтага сяброўства. Пасля пераезду ў Польшчы яна з дзецьмі апынулася зусім адна.

Але паступова з’явіліся знаёмствы. Адзін з новых сяброў, ведаючы, што Марыну бянтэжыць немагчымасць дапамагчы ўкраінцам, прапанаваў ёй ганяць валанцёрскія машыны для ЗСУ. Спачатку Марына адвозіла машыны з Беластока ў Варшаву, а ў хуткім часе наважылася і перасякаць украінскую мяжу.

“Памежнік заплакаў: гэтыя машыны ратуюць”. Шматдзетная маці ганяе аўто для УСУ
Марына Кіявец / Euroradio

Марына перачытвае перапіскі з дзецьмі. Калі яна ў дарозе, яны намагаюцца не турбаваць яе лішні раз званкамі, але ўвечары абавязкова спісваюцца: “Люблю вас” — “І мы цябе”.

Каб малодшы сын не баяўся праз маміны паездкі, яна паабяцала яму, што аднойчы абавязкова пакажа Кіеў. Марына не казала, што найперш у Кіеве павінна скончыцца вайна, і цяпер хлопчык чакае гэтага падарожжа.

Калі Марына даязджае да Кіева, начаваць едзе ў суседні Ірпень да сяброў. Відэа з Ірпеня, якое яна паказвае нам, ніколі не пакажа ні дзецям, ні бацькам.

— На шляху да Кіева асабліва не заўважаеш вайну. Ну, шмат людзей у вайсковай форме — але калі я з’язджала з Беларусі, там таксама паўсюль былі вайскоўцы і тэхніка. У Ірпень мы прыехалі, калі ўжо было цёмна, таму мне таксама нічога не кінулася ў вочы. Ну, людзі ходзяць, крамы працуюць, машыны ездзяць.

Ужо раніцай, калі я прачнулася і паглядзела ў вакно, пабачыла там зруйнаваныя дамы. Я прачнулася нібы ў другім свеце.

Марына зняла адзін такі зруйнаваны дом, выпалены знутры, і спаленую машыну ля яго, каб даслаць сваяку ў Казахстан. На відэа за кадрам Марына кажа: “Вось, што бывае, калі прыходзіць “рускі свет”.

 

“Мы сплялі сетку, і на наступны дзень яна злавіла дрон і выратавала чатыры жыцці”

Калі Марына не ганяе машыны для ЗСУ, не вучыцца, не займаецца з дзецьмі, яна ходзіць у мясцовы касцёл, каб дапамагаць украінцам плесці маскіровачныя сеткі. Калі мы закончым здымкі, яна зноў пойдзе ў касцёл, бо гэтым разам сетка спатрэбілася тэрмінова. На Запарожжы выпаў снег, і ваяры папрасілі даслаць ім белую сетку замест звычайнай чорна-зялёнай.

Надоечы сетка выратавала чатыры жыцці: дрон, які атакаваў вайскоўцаў, заблытаўся ў сетцы. Усе выжылі.

— Хлопцы дасылалі нам падзяку і выбачаліся, што сетка зруйнаваная. Але як мы радаваліся, што нашая сетка ўратавала чатыры жыцці. І калі гэтая сетка можа такое зрабіць, дык яна вартая нашага часу. І ты ходзіш далей плесці гэтая сеткі, бо яны ратуюць жыцці.

Дома, у Іванаве, Марына не пляла маскіровачныя сеткі — яна разводзіла кветкі. Марына паказвае нам здымкі сваіх гадаванцаў. Насенне ёй дасылалі з усёй Беларусі.

— Я іх любіла, даглядала, а яны мне дзякавалі, квітнелі. Проста радавалі вока. Мае кветкі ля майго дома — гэта было “месца сілы”. У Польшчы месца сілы я пакуль не знайшла. Але… але ў лесе я адчуваю сябе лепей. Лепей, калі магу падысці да нейкага дрэва і абняць яго. Але не кожнае дрэва хочацца абняць, — смяецца Марына.

Марына не выключае, што яе “месца сілы” проста не ў Польшчы.

— Я не ведаю, калі змагу патрапіць дадому, у Беларусь. Але калі б ва Украіне скончылася вайна, я б з задавальненнем паехала жыць туды. Таму што там я сябе адчуваю, як дома. Вось нават зараз, калі там лётаюць “Шахеды”, калі я разумею, што там небяспечна… там пахне, як дома. Там усё падаецца іншым. І я сама сябе іншай адчуваю, калі прыязджаю туды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.