Памежніка, адказнага за пропуск войска РФ ва Украіну, назвалі прапагандысты

Маёр Аляксандр Смаляк

Маёр Аляксандр Смаляк / sozhnews.by

Імя памежніка, адказнага за пропуск расійскіх войскаў ва Украіну ў 2022 годзе, назвалі прапагандысты. На гэта звярнула ўвагу выданне "Флагшток".

Інтэрв'ю з начальнікам аддзялення памежнага кантролю Гомельскай пагранічнай групы маёрам Аляксандрам Смаляком з'явілася ў газеце Гомельскага райвыканкама "Маяк". Калі пачалося шырокамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну, ён адказваў за працу памежнага пункта пропуску Новая Гута ў Гомельскім раёне.

У 2022 годзе, як удакладняе "Флагшток", Аляксандр Смаляк быў намеснікам начальніка аддзялення памежнага кантролю Новая Гута. Ён падначальваўся падпалкоўніку Кірылу Крышнёву.

У сваім інтэрв'ю маёр Смаляк ні словам не ўзгадаў пропуск расійскіх войскаў ва Украіну. Ён гаварыў толькі пра гуманітарную дзейнасцьі памежнікаў на пераходзе: "На самым пачатку расійскай спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне праз наш пункт пропуску з сумежнага боку праходзіла вялікая колькасць украінскіх грамадзян, якія шукалі ў Беларусі прытулку і абароны. Усім ім аказвалася дапамога, выдаваліся неабходныя прадукты харчавання, вада і медыкаменты. Проста каля пункта пропуску была размешчаная палатка Чырвонага Крыжа, дзе ўвесь час працавалі валанцёры".

Не сказаў Смаляк, што менавіта праз пераход новая гута везлі палонных украінцаў і расійскія "трафеі" — мэблю, абсталяванне і аўтамабілі, якія не афармлялі пры перасячэнні мяжы і везлі на тэрыторыю Беларусі бесперашкодна. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі