Памежнікі Украіны загадзя ведалі, што рыхтуецца напад з Беларусі
Сяргей Дэйнэка / pravda.com.ua
Памежная служа Украіны за тры дні да расійскага ўварвання папярэдзіла кіраўніцтва дзяржавы, што наступ расійскага войска адбудзецца з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнэка расказаў у інтэрв'ю "Украінскай праўдзе".
"Мы дакладна разумелі, што ўварванне будзе з тэрыторыі Беларусі, па чарнобыльскім кірунку. Дакладна разумелі, што будзе на мяжы Харкаўскай і Луганскай абласцей, дзе вораг мусіў зайсьці, каб атачыць і ліквідаваць нашу групоўку ў зоне аперацыі Аб’яднаных сіл", — заявіў Дэйнэка. Сумневы, кажа ён, былі толькі ў тым, што Расія павядзе наступ з боку Крыма.
Кіраўнік украінскіх памежнікаў дадае, што з боку Беларусі, на іх думку, расіяне мусілі весці з беларускімі апазнавальнымі знакамі: "З тэрыторыі Беларусі яны маглі пайсці не як расійская армія, а з шаўронамі Беларусі, у беларускай форме".
Пра гэта Дэйнэка, па яго словах, паінфармаваў кіраўніутва дзяржавы: "21 лютага я пісьмова паінфармаваў усе вышэйшыя органы пра тое, што вайна будзе. Так, дата поўнамаштабнага наступу пераносілася. Спачатку гэта было 19 лютага, потым — 22, і апошняя — 24 лютага".
Ён падкрэслівае, што да ўварвання памежнікі паспелі вывезці з усіх памежных абласцей важныя дакументы.
Дарэчы, раней сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў заяўляў, што ўкраінскія ўлады не чакалі атакі з тэрыторыі Беларусі, хаця і рыхтаваліся да магчымай расійскай агрэсіі. "Мы не чакалі, што яны пойдуць па ўсіх франтах. Гэта была нечаканасць", — казаў ён. Данілаў называў наступ з беларускай тэрыторыі ўдарам у спіну.
У сваім інтэрв'ю Дэйнэка расказаў, што 19 лютага 2022 года сустракаўся на мяжы са старшынёй Памежнага камітэту Беларусі Анатолем Лапо і прасіў яго перадаць інфармацыю Лукашэнку.
"Лукашэнка ж праходзіў тэрміновую службу ў памежных войсках КДБ СССР. Таму ён павінен быў разумець, што памежнікі павінны прадухіліць парушэнне мяжы, а не спрыяць яму. Мой калега запэўніў, што "гэтага не можа быць". Але па ягонай рэакцыі я бачыў, што ён хлусіць. Гэта была апошняя сустрэча і апошняя размова з ім", — згадвае ўкраінскі памежнік.
Ён кажа, што даў паслухаць Анатолю Лапо перахопы размоў расійскіх вайскоўцаў. "Ён пабляднеў, потым стаў чырвоным, потым зялёным, абяцаў, што ў той жа вечар зробіць даклад Лукашэнку. Ну а далей мы ўжо бачылі, што адбывалася", — кажа Дэйнэка.
На пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны кіраўніцтва Беларусі прадаставіла расіянам сваю тэрыторыю. Таксама параненых расійскіх вайскоўцаў лекавалі ў беларускіх шпіталях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.