Паміж Швецыяй і Эстоніяй пашкоджаны тэлекамунікацыйны кабель
Балтыйскае мора
Паміж Швецыяй і Эстоніяй пашкоджаны тэлекамунікацыйны кабель. Ён пракладзены па дне Балтыйскага мора. Міністр абароны Швецыі Пол Юнсан у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Стакгольме заявіў, што пашкоджананне адбылося прыблізна ў той жа час, што і інцыдэнт 8 кастрычніка з газаправодам Balticconnector (ён злучае Эстонію і Фінляндыю), паведамляе delfi.ee.
Месца, дзе выяўлена пашкоджанне, не ў шведскіх тэрытарыяльных водах, а ў эстонскіх. Пол Юнсан таксама сказаў, што кабель не быў незваротна пашкоджаны, а толькі часткова, і яго ўсё яшчэ можна выкарыстоўваць. Што ж стала прычынай здарэння, пакуль невядома.
Шведскія ўлады супрацоўнічаюць з Эстоніяй і Фінляндыяй па пытанні пашкоджання кабеля. Расследаваннем прычын пашкоджання газаправода ў фінскіх водах займаецца Фінляндыя, пашкоджанне кабеля сувязі ў эстонскіх водах расследуюць улады Эстоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.