Памочнік Ганчарэнкі: Наша адстаўка з “Кубані” — шок і стрэс для футбалістаў
Вадзім Скрыпчанка ў шчырай гутарцы з Еўрарадыё называе рашэнне аб іх сыходзе нелагічным і абвяргае сцвярджэнне пра дрэнную дысцыпліну ў камандзе.
Беларускі футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка ўсё ж сыходзіць з "Кубані". Дагэтуль пра гэта была супярэчлівая інфармацыя. Толькі ўвечары 13 лістапада ФК "Кубань" змясціў на сваім сайце афіцыйную інфармацыю пра "перамены на трэнерскім мастку клуба". Адзначаецца, што кіраўніцтва футбольнага клуба і галоўны трэнер каманды Ганчарэнка дасягнулі ўзаемнай згоды бакоў аб датэрміновым скасаванні кантракту.
Клуб назваў адстаўку прэвентыўнай мерай.
“Ёсць цэлы шэраг глыбінных праблем, якія добра бачныя знутры нам і незаўважныя з боку. Сёння для клуба няма нічога важней, чым прадухіліць адток ключавых футбалістаў і не дапусціць развалу каманды. На жаль, такі крызіс ужо намеціўся. Узровень дысцыпліны, дапушчаны трэнерам, вельмі нізкі. Узнікла рэальная пагроза, што каманда не ўтрымае высокія пазіцыі ў турнірнай табліцы. Гэтага дапусціць мы не можам ні ў якім выпадку. Нам важна захаваць наш футбольны калектыў. А задача ў клуба застаецца ранейшай — гуляць у еўракубках. Галоўнае для нас сёння — каманда", — гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара каманды Яўгена Мураўёва.
Звязваемся з беларускім трэнерам Вадзімам Скрыпчанкам, які ў “Кубані” працаваў памочнікам Віктара Ганчарэнкі, і цікавімся, ці ведаў трэнерскі штаб ФК “Кубань” пра адстаўку.
Еўрарадыё: Вынікі ў каманды былі выдатныя, назіраўся рост. Навіна, мякка кажучы, здзівіла і беларусаў, і многіх расійскіх футбольных экспертаў. Ці чакалі вы такога развіцця падзей?
Вадзім Скрыпчанка: Не, зразумела. Нечаканае рашэнне для нас. Хоць па тым, як пачынаўся сезон, як ён складваўся, былі перадумовы. Чуткі хадзілі, што і румынскі спецыяліст Петрэску тут ужо каманду прымаў. Таму ў нейкай ступені мы былі гатовыя, што калі не будзе выніку, магчыма, здарацца перамены. Але вынік у каманды на сёння някепскі. Таму гэта стала для нас нечаканасцю. Напэўна, калі б кіраўніцтва клуба дало скончыць гэты каляндарны год, правесці ў чэмпіянаце астатнія чатыры гульні і пасля зрабіць нейкія высновы, то нам было б лягчэй зразумець сітуацыю. А так мы не да канца разумеем, чаму кіраўніцтва Краснадарскага краю прыняло такое рашэнне.
Еўрарадыё: На сайце ФК “Кубань” з’явілася афіцыйнае паведамленне, дзе сказана, што адстаўка вашага трэнерскага штаба ― гэта прэвентыўная мера, каб не дапусціць развалу каманды. Як гэта разумець? Ці былі ў клубе нейкія праблемы ў плане дысцыпліны?
Вадзім Скрыпчанка: Як кажуць, разумейце гэта як заўгодна. Тут у кожнага, сваё меркаванне. Але я адназначна магу заявіць, што ніякага развалу ў камандзе і блізка няма. Дысцыпліна ― на належным узроўні. Магчыма, вы паспелі пачытаць меркаванні вядомых расійскіх футбольных спецыялістаў. Многія сыходзяцца ў думцы, што калі б у камандзе быў развал і адсутнічала дысцыпліна з боку футбалістаў, то, напэўна, каманда ў турнірнай табліцы не адставала б на адно ачко ад лігачэмпіёнскага месца. Таму фармулёўка пра развал ― гэта мера з боку кіраўніцтва, бо патрэбна было высунуць нейкую афіцыйную версію для грамадскасці, асабліва для заўзятараў, якім вельмі важна ведаць прычыны. Таму ім давялося вось такім чынам выразіць на сайце сваё рашэнне.
Еўрарадыё: Як успрынялі навіну гульцы “Кубані”?
Вадзім Скрыпчанка: Было пасяджэнне. Кіраўніцтва клуба абвясціла прынятае рашэнне. Усё гэта было арганізавана на належным узроўні. Што тычыцца настрою футбалістаў, то, мяркуючы па размовах з імі, яны ў непаразуменні і нават ўзрушаныя гэтым рашэннем. Для футбалістаў гэта шок, стрэс. Таму што, яшчэ раз паўтаруся, нішто не прадракала такога рашэння. Але зноў-такі ёсць найвышэйшае кіраўніцтва, якое адказвае за вынікі каманды. Напэўна ж, кіраваліся пэўнымі матывамі.
Еўрарадыё: Трэнерскі штаб зарэкамендаваў сябе вельмі станоўча. Можа быць, ужо паступілі нейкія прапановы на будучыню?
Вадзім Скрыпчанка: Пра найбліжэйшую будучыню пакуль нічога не вядома. Адзінае, што магу сказаць, ёсць яшчэ і юрыдычныя пытанні, якія трэба вырашыць у Краснадары. Мы ўсё ж такі пакідаем футбольную каманду не па сваёй волі, былі скасаваныя працоўныя дамовы, трэба вырашыць усе фінансавыя пытанні. Таму куды нас занясе трэнерскі лёс ― так далёка мы не зазіраем. Але я лічу, што трэнерскі штаб праявіў сябе ў плане прафесіяналізму з добрага боку. Ды і з чалавечага боку таксама. Выдатная атмасфера была ў камандзе. І мы ў цёплых абставінах аддзячылі хлопцам за тое, што нам удалося пазнаёміцца з гэтымі цудоўнымі футбалістамі і добрымі асобамі ва ўсіх адносінах. Нам футбалісты вельмі падабаліся. І, прызнаюся шчыра, хлопцы таксама сказалі нам шмат добрых слоў. Цяпер да працы ў “Кубані” прыступіў новы трэнерскі штаб, але цягам дня паступаюць званкі ад многіх хлопцаў, якія дзякуюць за супрацоўніцтва і нават адкрытым тэкстам кажуць: “У вас усё атрымаецца, нам вельмі прыемна было працаваць, вы прафесіяналы з вялікай літары”.
Еўрарадыё: Ці варта чакаць вас і Віктара Міхайлавіча ў Беларусі найбліжэйшым часам?
Вадзім Скрыпчанка: Мяркую, што ў панядзелак-аўторак наш тандэм з’явіцца ў слаўным горадзе Мінску. Два дні ўжо займаемся пытаннямі юрыдычнага характару: працоўныя кніжкі, роспісы, паперы для будучага працаўладкавання і іншае. Ну, і ФК “Кубань” павінна закрыць запазычанасці перад намі. Гэта і заработная плата за апошні месяц, і прэміяльныя за апошнія гульні…