Памёр Юз Аляшкоўскі

Юз Аляшкоўскі
Юз Аляшкоўскі

Не стала Юза Аляшкоўскага — рускага празаіка, паэта і сцэнарыста, аўтара дзіцячых тэкстаў і дарослага "Маленькага турэмнага рамана". Але Аляшкоўскі яшчэ і аўтар-выканаўца сваіх песень. Адна з самых папулярных — гэта "Песня пра Сталіна", дзе ёсць такія радкі:

Товарищ Сталин, вы большой ученый —
В языкознаньи знаете вы толк,
А я простой советский заключённый,
И мне товарищ — серый брянский волк.

У пачатку 50-х за крадзеж машыны сакратара Прыморскага крайкама кампартыі адседзеў чатыры гады ў лагеры.  

"Зрэдку ў лагеры я падпрацоўваў ганарарчыкі — цукровыя і хлебныя — тым, што "ціскаў раманы" на нарах. Раман заўсёды пачынаўся з адных слоў: "По мрачному, тревожному и суровому Лондону промчалась черная зловещая карета с белой надписью "Хлеб". А потым ужо развіваўся які-небудзь сюжэт ідыёцкі, любоўны, трылерны, калі хапала сіл — псіхалагічны. Ну, былі здольнасці, карацей кажучы",расказваў пазней Аляшкоўскі.

Пасля вызвалення працаваў спачатку шафёрам на будоўлі, потым у аварыйнай службе "Мосводопровод". З сярэдзіны 60-х пачаў зарабляць літаратурай. 

Афіцыйна ён лічыўся аўтарам дзіцячых кніг і сцэнарыяў для кіно і тэлебачання, а неафіцыйна выступаў як выканаўца ўласных песень. Яго лагерныя песні трапілі на старонкі альманаха "Метрополь", пасля чаго ў канцы 70-х Аляшкоўскаму прыйшлося эміграваць у ЗША.

Аляшкоўскі — лаўрэат Нямецкай Пушкінскай прэміі. Ён атрымаў яе ў 2001 "за творчасць, якая ствараецца пісьменнікам з 50-х гадоў, якая зрабіла яго адной з вядучых асоб рускай літаратуры XX стагоддзя". Акрамя таго, у 2011 годзе яго "Маленькі турэмны раман" заняў першае месца ў намінацыі "Буйная проза" галоўнага міжнароднага літаратурнага конкурсу для рускамоўных пісьменнікаў з усяго свету "Руская прэмія". 

Юзу Аляшкоўскаму было 92 гады. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі