Паралімпійскі чэмпіён Бокій: Не люблю гаварыць пра праблемы са здароўем
Беларускі плывец Ігар Бокій заваяваў залаты медаль на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра. Ён паказаў час 53,85 секунды на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем і такім чынам паставіў сусветны рэкорд. 22-гадовы спартсмен стаў шасціразовым чэмпіёнам Паралімпіяд. У Лондане ён заваяваў 5 залатых і адну сярэбраную ўзнагароду.
Пасля Паралімпіяды 2012 года Ігар Бокій у інтэрв’ю Еўрарадыё казаў, што хоча "выступаць на арэнах са здаровымі спартсменамі" і паспаборнічаць з Майклам Фэлпсам. Згадаем тую размову цяпер.
Еўрарадыё: Якія ў вас планы на будучыню? Можа быць, паспаборнічаеце і з Майклам Фэлпсам?
Ігар Бокій: Так-так, гэта ўваходзіць у мае планы, каб выступаць на арэнах са здаровымі спартсменамі. Спадзяюся прабіцца на наступную Алімпіяду, каб там таксама пазмагацца, скласці канкурэнцыю.
Еўрарадыё: То бок медыцынскія камісіі не будуць гэтаму супрацьдзейнічаць?
Ігар Бокій: Гэта, наадварот, вітаецца, калі паралімпіец стартуе на ўзроўні са здаровымі.
Ці перамог бы Ігар, калі б плыў разам з Майклам Фэлпсам?
У Ігара вынік на 100 метрах батэрфляем — 53,85 секунды. Фэлпс праплыў гэтую дыстанцыю за 51,14 секунды (узяў срэбра). Такім чынам, Ігар Бокій пакуль яшчэ адстае ад свайго куміра на 2,71 секунды, але Фэлпс сваю кар’еру завяршыў, а ў Ігара яшчэ ўсё наперадзе.
Ігар спаборнічае са спартсменамі з катэгорыяй зроку Б-3. Простымі словамі — гэта стан паміж інваліднасцю і проста дрэнным зрокам. Такім плыўцам не патрабуюцца падказкі трэнера падчас заплываў. Яны хоць і цьмяна, але бачаць дарожку і самастойна мяняюць пазіцыю, наблізіўшыся да борціка.
“У іх больш вузкае поле зроку, сятчатка непразрыстая. Вельмі шмат фактараў, якія ўласцівыя гэтым людзям, — тлумачыць Еўрарадыё старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель. — Спартсмен праходзіць незалежную міжнародную медыцынскую камісію перад спаборніцтвамі. Там падмануць кагосьці вельмі складана. Там не ўрачы нават правяраюць, а апараты. Глядзіш у экран, і параметры зроку высвечваюцца”.
“Пра свае праблемы са здароўем размаўляць не люблю, — кажа Ігар Бокій. — Але і акуляры не нашу — адчуваю сябе нязручна”.