Парашэнка не выканаў сваё перадвыбарчае абяцанне?

У сацсетках актыўна распаўсюджваецца запіс з адной сустрэчы кандыдата ў прэзідэнты Пятра Парашэнкі з выбаршчыкамі. Падчас яе ён нібыта клятвенна абяцае, што ў выпадку сваёй перамогі на выбарах 25 траўня ужо на наступны дзень усе ўкраінскія вайскоўцы будуць атрымліваць тысячу грыўняў у дзень і ўсе яны будуць застрахаваныя на 1 мільён грыўняў.



На другі дзень пасля выбараў Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці выконваецца перадвыбарчае абяцанне і ці можа прэзідэнт гэта рэальна зрабіць.



Украінскі ваенны эксперт Аляксей Арастовіч прызнае — сапраўды, заробкі ўкраінскіх вайскоўцаў невялікія. І асабліва востра гэта стаіць у “звыштэрміноўнікаў”.



Аляксей Арастовіч: “Ён бізнесмен, да прыкладу, а яго прызвалі. У яго крэдыты, у яго дзеці, а ён за 45 дзён службы атрымаў 1500 грыўняў. А гэта дзесьці крыху больш за 100 долараў. Уявіце сабе, як адчувае сябе яго сям’я. Зразумела, сёння нашыя вайскоўцы ваююць не за грошы, але калі ў іх будуць грошы, то горш ваяваць яны не стануць, а сем’ям іх будзе лягчэй”.

                                   Аляксей Арастовіч



Сам эксперт да асобы Пятра Парашэнкі ставіцца насцярожана. Тым не менш, не спяшаецца абвінавачваць будучага прэзідэнта Украіны ў невыкананні перадвыбарчых абяцанняў.



Аляксей Арастовіч: Гэта ж моўная фігура, рыторыка. Гэта не абяцанне прэзідэнта і не абяцанне кандыдата ў прэзідэнты. Гэта “чаго толькі не ляпнеш у гарачцы”. Для таго, каб рэальна змяніць заробкі ўкраінскіх вайскоўцаў, неабходна прыняць пэўныя рашэнні на ўзроўні Вярхоўнай Рады, Міністэрства абароны, Адміністрацыі прэзідэнта. Ён яшчэ не прэзідэнт, яшчэ ЦВК нават афіцыйных вынікаў выбараў не апублікаваў, не было яго інаўгурацыі. Таму казаць пра нейкія яго прэзідэнцкія абяцанні, якія ён мусіць выканаць ужо цяпер як прэзідэнт, несур’ёзна — няхай стане прэзідэнтам для пачатку”.



Ваеннага эксперта падтрымлівае палітолаг, кіраўнік паліталагічнага цэнтра “Пента” Уладзімір Фясенка. І нават робіць сваю выснову з выказанай думкі пра немагчымасць прыняцця такіх рашэнняў да інаўгурацыі.



Уладзімір Фясенка: “Бюджэтныя рашэнні прымае ўрад. Прэзідэнт гэта можа ініцыяваць, але прымае рашэнні, звязаныя з бюджэтам, выключна ўрад. Я думаю, што заробкі вайскоўцам будуць павялічваць, але выглядае на тое, што гэты ролік наўмысна распаўсюджваецца як інструмент чорнага піяру супраць Парашэнкі”.

                            Уладзімір Фясенка



Якія сілы распачалі інфармацыйную вайну супраць Пятра Парашэнкі, суразмоўца Еўрарадыё дакладна не ведае, а “займацца канспіралогіяй” не хоча. Затое ўпэўнены, што жаданага для стваральнікаў роліка эфекту не будзе.



Уладзімір Фясенка: “Рызыкну выказаць упэўненасць, што пераважная большасць украінцаў не бачыла гэтага роліка. Ну, на YouTube ён ёсць, але мяркую, што ніякага сур’ёзнага палітычнага значэння ён не меў і мець не будзе”.



Ці сапраўды ён даваў абяцанне павысіць заробкі вайскоўцам з 26 траўня, Еўрарадыё цікавіцца ў паплечнікаў Пятра Парашэнкі. Але паліткансультант з яго каманды з выбачэннямі абмаўляецца ад размовы — няма часу. Не атрымліваецца атрымаць каментар і ў прэс-службе будучага кіраўніка Украіны.



Ваенны кансультант Аляксей Арастовіч раіць не спяшацца падазраваць Пятра Парашэнку ў нетрыманні слова. Але папярэджвае, што калі той афіцыйна стане кіраўніком краіны, украінскае грамадства будзе ўважліва сачыць, каб слова і справа ў прэзідэнта Парашэнкі не разыходзіліся. Інакш, кажа, “новы Майдан мы можам за паўгадзіны разгарнуць у Кіеве”.

Фота: rus.delfi.ee

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі