Паротнікаў: Мэта правакацый падчас вучэнняў ― паказаць несамастойнасць Мінска

Паротнікаў: Мэта правакацый падчас вучэнняў ― паказаць несамастойнасць Мінска

Раніцай 14 верасня на сайце Мінабароны Расіі з'явілася заява, што падраздзяленні Заходняй вайсковай акругі, якія ўдзельнічаюць у сумесных вучэннях “Захад-2017”, былі паднятыя па трывозе і пачалі перакідванне асабістага складу, узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі на палігоны ў Беларусь. Як пазней высветлілася, беларускі бок нічога пра гэта не ведаў. А бліжэй да вечара афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў заявіў, што ўзнятыя па трывозе расійскія танкавыя часткі будуць адпрацоўваць праграму вучэнняў на палігонах РФ. Маўляў, гэта высветлілася пасля кансультацый вайсковых ведамстваў дзвюх краін.

Тым не менш пытанне “Што гэта было?” застаецца. І адказ на яго дае кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Андрэй Паротнікаў: Гэта была звычайная інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя, якіх цягам бліжэйшага тыдня будзе яшчэ шмат. І гэта была мэтанакіраваная, загадзя спланаваная дзейнасць ― ніякай імправізацыі ці памылкі тут няма. І беларускі бок сапраўды нічога пра планы расіян не ведаў. Бо што б гэта была за правакацыя, калітой, каго правакуюць, ведае пра правакацыю?

Еўрарадыё: І ўсё ж: гэтая інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя праводзілася ў межах вучэнняў ці мае больш шырокае прызначэнне?

Андрэй Паротнікаў: У правакацыі больш шырокі кантэкст. Бо вучэнні ― гэта толькі адзін з інструментаў таго, каб адсекчы Беларусь ад нармалізацыі адносінаў з Захадам, пагоршыць адносіны з Украінай і замацаваць тым самым нашу краіну ў тым, што ў Маскве называюць “сферай прывелеяваных інтарэсаў Расіі”. І толькі за першы дзень актыўнай фазы вучэнняў былі тры эпізоды такога кшталту правакацый. Па-першае, расіяне пачалі перакідваць тры дывізіі паветрана-дэсантных войскаў на захад Расіі. І будзе дэсантаванне тэхнікі з паветра побач з латвійскімі і эстонскімі межамі. І яны наўпрост кажуць, што ўсё гэта адбываецца ў межах вучэнняў “Захад-2017”. Адзінае ― у межах вучэнняў “Захад-2017” бяруць удзел 12700 вайскоўцаў з абодвух бакоў, а тут толькі тры дывізіі ПДВ 24 тысячы чалавек. Так, адбывацца гэта ўсё будзе на тэрыторыі Расіі, але ўспрымацца тыя “расійскія” вучэнні будуць як адзінае мерапрыемства, якое мае некалькі складнікаў. І Беларусь у дадзеным выпадку будзе выглядаць як цалкам несамастойная ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі. А тады атрымліваецца, што з афіцыйным Мінскам і размаўляць няма пра што.

Еўрарадыё: Якой была трэцяя правакацыя?

Андрэй Паротнікаў: Журналістам заходніх выданняў, якія акрэдытаваліся пры Міністэрстве абароны Беларусі і знаходзяцца ў Мінску для асвятлення вучэнняў “Захад-2017”, прыйшло запрашэнне паехаць на паказальныя заняткі з удзелам Уладзіміра Пуціна. І бліжэйшым часам шмат журналістаў уплывовых заходніх выданняў перадыслакуюцца ў Расію.

Еўрарадыё: Ваенныя эксперты, той жа Аляксандр Алесін, даводзілі, што вучэнні ў Беларусі і вучэнні, якія паралельна праходзяць у Расіі ― гэта розныя вучэнні, расійскія да “Захаду-2017” не маюць ніякага дачынення.

Андрэй Паротнікаў: Фармальна гэта сапраўды так. Але трэба мець на ўвазе, як гэта выглядае звонку. А выглядае гэта такім чынам, што Расія вядзе буйнамаштабную вайсковую падрыхтоўку, у адным з эпізодаў якой задзейнічаная ў тым ліку і беларуская армія. Адпаведна, беларуская армія ўспрымаецца як частка расійскай вайсковай машыны. Так гэта ўбачаць у Бруселі і Вашынгтоне. І пасля гэтага нікому нічога ні Макей, ні хто іншы ўжо не давядзе. Мы аказваемся адкінутыя ў палітычным дыялогу з Захадам назад гады на два-тры. І гэта больш чым сур’ёзна.

Еўрарадыё: Нейкім чынам выправіць сітуацыю яшчэ можна?

Андрэй Паротнікаў: Ужо не. Бо цалкам праваленая інфармацыйная праца, палітычнае суправаджэнне гэтых мерапрыемстваў. Беларускі бок як звычайна вырашыў, што міжнародныя адносіны гэта такі местачковы рынак, дзе можна пагандлявацца: мы вам троху раскажам пра вучэнні, а вы нам за гэта нешта дадзіце. Разлічвалі на тое, што Расія і Захад знаходзяцца ў канфрантацыі, і Расія зачыніцца і не будзе даваць ніякай інфармацыі. А яны далі NATO ўсю інфармацыю адносна расійска-беларускіх вучэнняў. Яны папрацавалі з вядучымі краінамі NATO па дыпламатычных каналах. У выніку, цяпер на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў Румыніі прагучала: “Нас непакоіць “Захад-2017” з-за непразрыстасці ― мы атрымліваем інфармацыю з расійскага боку, але нічога не атрымліваем з беларускага”. Мінск прайграў і палітычна, і інфармацыйна, і рэпутацыйна ― гэта вельмі моцны ўдар. Бо брыфінгі, якія праводзіць Макараў ― гэта абы-што. Фармат “гаворачай галавы” ўжо не працуе. А як беларускі бок арганізаваў назіранне? Акрэдытаваліся больш за 270 журналістаў, аўтобусаў для паездкі на палігон далі з разлікам на 120 чалавек, а пасля, як мне сказалі журналісты, частка ўплывовых замежных СМІ атрымала ад Мінабароны Беларусі ліст, дзе гаворыцца, што аўтобусаў для паездкі на палігоны няма ― дабірайцеся самі як хочаце. А ў Расію іх адвязуць-прывязуць, накормяць і напояць. І ўзнікае лагічнае пытанне: “Хто тут галоўны?” Адказ відавочны. Адпаведныя акцэнты і будуць расстаўленыя ў матэрыялах заходніх журналістаў. Тое, што мы цяпер назіраем ― гэта інфармацыйны і палітычны разгром беларускага боку Масквой.

Еўрарадыё: Пра гэта сведчыць адмова кіраўніка Беларусі ехаць на вучэнні з удзелам Пуціна?

Андрэй Паротнікаў: Гэта вельмі кепскі знак. Бо была надзея на тое, што падчас іх асабістай сустрэчы атрымаецца вырашаць шэраг пытанняў. І найперш самае вострае з іх ― пытанне грамадзяніна Украіны Паўла Грыба, які быў скрадзены расійскімі спецслужбамі ў Гомелі. У чалавека вялікія праблемы са здароўем, яму не аказваюць медыцынскую дапамогу. Калі з ім нешта здарыцца, палітычная адказнасць будзе на беларускім баку. Украінскаму грамадству, украінскай палітычнай эліце афіцыйны Мінск ужо нічога не давядзе. І таму я лічу, што адмова Лукашэнкі ехаць ― гэта вельмі дрэнна для ўсіх.

Еўрарадыё: Але ці няма ў кіраўнікоў краін больш сур’ёзных эканамічных ды геапалітычных пытанняў, якія варта абмяркоўваць падчас такой сустрэчы ― чаму вы лічыце, што яны б размаўлялі пра Паўла Грыба?

Андрэй Паротнікаў: Цяпер Грыб ― гэта першаснае пытанне для беларускай знешняй палітыкі. Бо Україна — гэта другі эканамічны партнёр. Гэта рынак, на якім мы зарабляем сотні мільёнаў, а ў добрыя гады і да трох мільярдаў долараў. Гэта асноўны лабіст афіцыйнага Мінска ў Бруселі і Вашынгтоне на сёння. Па-другое, і Заходняя Еўропа, І ЗША ўважліва назіраюць за гэтай сітуацыяй. І задаюцца простым пытаннем: “Ці ў стане беларускія ўлады кантраляваць дзейнасць расійскіх спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі?”А сітуацыя з Грыбам паказвае, што не, не ў стане. А калі вы не ў стане кантраляваць уласную тэрыторыю, то пра што з вамі можна размаўляць? Як вы можаце быць суб’ектам міжнародных адносін у час, калі ёсць крызіс рэгіянальнай бяспекі, калі вы нават сваю тэрыторыю не кантралюеце? І яны будуць размаўляць з Масквой.

Я ўсё ж спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа ганарлівасць і фанабэрыстасць абодвух бакоў. Бо калі расійскі бок фактычна анансуе сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі, а потым беларускі бок ад гэтай сустрэчы адмаўляецца, гэта сведчанне вельмі глыбокага крызісу беларуска-расійскіх адносінаў. А Расія цяпер знаходзіцца ў такім нервовым стане, што гэты крызіс адносінаў можа перарасці ў калапс адносінаў. А мы не можам згубіць не толькі Украіну, але і Расію па відавочных прычынах.

Еўрарадыё: Якіх яшчэ правакацый з расійскага боку можна чакаць цягам бліжэйшага тыдня?

Андрэй Паротнікаў: Увесь сэнс таго, што адбываецца ― паказаць несамастойнасць Мінска. Таму мэта дэманстрацый у тым, каб паказаць, што расіяне робяць тут усё, што пажадаюць: хочуць ― нешта перакідваюць, хочуць ― не перакідваюць. Другая мэта: прымусіць Захад надаваць больш увагі пазіцыі Расіі наконт сітуацыі ў нашым рэгіёне, у так званай “сферы расійскага ўплыву”. Што да магчымых правакацый, то, да прыкладу, гэта можа быць аблёт стратэгічнай авіяцыяй межаў суседніх краін. Што будзе ўспрынятае як пагроза ўжывання ядзернай зброі. Могуць быць правакацыі і з тэрыторыі Украіны, дзе дастаткова моцныя пазіцыі ў расійскай агентуры. Яны могуць справакаваць нейкія інфармацыйныя закіды. Прыгадайце тую істэрыку, якая разгарэлася з нагоды ўнясення Пуціным у Дзярждуму Пратакола аб ратыфікацыі Пагаднення з Беларуссю “Аб ахове паветранай мяжы і адзінай рэгіянальнай сістэме супрацьпаветранай абароны”. Варыянтаў правакацый можа быць шмат. Разумееце, мы да такой ступені недасведчаныя і некампетэнтныя ў гэтых пытаннях, што мы нават не можам уявіць сабе, як гэта можа выглядаць. У нас няма спецыялістаў па псіхалагічнай вайне, няма палітычных кансультантаў, якія былі б у стане адпрацаваць гэтую тэму. У нас няма нічога, апроч кандовых савецкіх прапагандыстаў. Думаю, па выніку гэтых вучэнняў паляціць шмат пагонаў. Але паляцяць яны без шуму ― людзей проста адправяць на пенсію. Іншае пытанне, ці ёсць кім іх замяніць. Бо апошнія 10-15 гадоў у дзяржсектар ішлі далёка не лепшыя ― тыя, каго больш нікуды не бралі. Якасць кадравага забеспячэння і сістэмы дзяржаўнага кіравання, і дзяржаўнай прапаганды, і сектара нацыянальнай бяспекі і абароны выклікае вельмі вялікія сумневы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі