Паротнікаў: Пасля затрымання Япрынцава лагічна было чакаць пытанняў да Чыжа
У пятніцу ўвечары выбухнула навіна пра затрыманне КДБ вядомага бізнесмена Юрыя Чыжа, які па чутках уваходзіў у бліжэйшае атачэнне кіраўніка Беларусі.
Ніякіх афіцыйных каментароў наконт інфармацыі партала tut.by пра затрыманне Юрыя Чыжа няма. Тым не менш, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў упэўнены, што гэтая падзея наўпрост звязаная з ранейшым затрыманнем праваахоўнікамі кампаньёна Чыжа Уладзіміра Япрынцава.
Паротнікаў: “У Япрынцава ў “Трайпл” быў “другі” подпіс. І ўсе фінансавыя дакументы без подпісу Чыжа былі несапраўднымі. Таму, калі ўзялі Япрынцава, то лагічна было чакаць, што ўзнікнуць нейкія пытанні і да Чыжа. Вось, яны і ўзніклі”.
Нагадаем, саўладальніка кампаніі “Трайпл” Уладзіміра Япрынцава і яго сына Казбека праваахоўнікі затрымалі ў жніўні 2015 года. Нібыта, затрыманне звязанае з вялікімі запазычанасцямі, няўдалымі спробамі іх сплаціць і адначасова са спробай вываду фінансаў з краіны. Называліся сумы 30-40 мільёнаў долараў. Крэдыторамі былі ўплывовыя людзі з Расіі. Адначасова, украінская фірма "Джаспэн Кэпітал Партнэрс" падала на “Трайпл” у лонданскі суд — яны і ім вінныя мільёны долараў. Сцвярджаюць, што затрыманне бацькі і сына Япрынцавых было ўзгоднена не толькі з Юрыем Чыжом, але і асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам.
Не абышлося без санкцыі кіраўніка Беларусі і сённяшняе затрыманне Чыжа, упэўнены Андрэй Паротнікаў.
Паротнікаў: “На ўзроўні чутак, плётак і меркаванняў кажуць пра Чыжа, як пра асабліва набліжанага да сям’і Лукашэнкі. І калі на гэтае меркаванне абапірацца, то сённяшняе затрыманне выглядае лагічным, бо любая страта кампаніі “Трайпл” — гэта страта для іншых людзей. Трэба чакаць і глядзець, чым усё гэта скончыцца”.
Калі размова ідзе пра нанясення шкоды праз нейкія “махлярскія схемы”, то ў Чыжа будзе магчымасць “купіць” сабе свабоду: кампенсаваць нанесеную шкоду. Адзінае, усё залежыць ад таго, пра якую суму ідзе размова, разважае Паротнікаў:
“Калі толькі размова ў дадзеным выпадку не ідзе пра такую правіннасць, якую грашыма не кампенсаваць. Мы ж не ведаем усёй сістэмы ўзаемаадносінаў паміж Чыжом і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам — хто якія на сябе абавязацельствы прымаў і гэтак далей”.