Парубій: Беларусь наступная разарве сувязі з Расіяй і стане на еўрапейскі шлях
Украіна спрабуе наладзіць адносіны з Беларуссю. але кіраўніцтва гэтай краіны знаходзіцца пад ціскам і ўплывам расійскай улады. Такое меркаванне спікер Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій выказаў у гутарцы з журналістамі, перадае тэлеканал "112 Украіна".
На думку Парубія, уплыў Крамля і Уладзіміра Пуціна на Беларусь павялічваецца. З гэтым ён звязаў апошнія "несяброўскія дзеянні" беларускай улады ў адносінах да Украіны.
"Я шчыра перакананы, што Украіна мусіць прыкладаць усе намаганні, падтрымліваць і Беларусь, і дэмакратычныя працэсы ў Беларусі. Бо для мяне няма ніякіх сумневаў, што Беларусь будзе наступнай пасля Украіны, хто разарве адносіны з Расійскай Федэрацыяй і стане на шлях еўрапейскага выбару", — заявіў спікер украінскага парламенту.