Пасажыраў без масак у аўтобусы і маршруткі Магілёва больш не пусцяць
Новае антыкавіднае правіла ў грамадскім транспарце Магілёва пачынае дзейнічаць з 9 кастрычніка / belinvestbank.by
Улады Магілёва прынялі рашэнне забараніць перавозку ў грамадскім транспарце пасажыраў без масак. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным акаўнце гарвыканкама ў Instagram.
Рашэнне было прынята "ў мэтах папярэджання распаўсюджвання COVID-19". Новае правіла пачынае дзейнічаць з 9 кастрычніка і закране ўвесь грамадскі транспарт, у тым ліку маршрутныя таксі.
Каля тыдня таму падобнае рашэнне прынялі ўлады Брэста. З 5 кастрычніка кіроўцы гарадскога транспарту могуць заглушыць рухавік і запатрабаваць ад пасажыраў альбо надзець маскі, альбо пакінуць салон.
Сітуацыю з COVID-19 у Беларусі цяпер ацэньваюць як складаную. "Складанасць у тым, што высокі ўзровень захворвання трымаецца досыць доўгі час", — казаў на днях міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас рабочай паездкі ў Магілёў. Ён яшчэ раз заклікаў усіх выконваць меры засцярогі і вакцынавацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.