Пасля чарговых антысеміцкіх выказванняў Лукашэнкі ў Ізраілі адмянілі канферэнцыю
Аляксандр Лукашэнка справакаваў скандал
Пасля чарговых антысеміцкіх выказванняў Аляксандра Лукашэнкі ў Ізраілі адмянілі канферэнцыю "Трагедыя і гераізм на беларускай зямлі — да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Яна была запланаваная на 27 чэрвеня і мусіла прайсці пры падтрымцы пасольства РБ, піша "Позірк".
Акрамя канферэнцыі ў Музеі яўрэйскага воіна Другой сусветнай вайны, арганізатары збіраліся правесці цырымонію ўскладання вянкоў да манумента ў памяць аб яўрэях-партызанах і змагарах гета. Арганізатарамі канфэрэнцыі выступалі Аб’яднанне ўцекачоў і тых, хто ўратаваўся падчас Халакоста, а таксама Усеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі.
Лукашэнка згадаў яўрэяў на нарадзе 14 чэрвеня. Гаворачы пра карупцыю, ён згадаў справу былога свайго памочніка, экс-міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло. Паводле яго слоў, па ёй праходзяць больш за 30 чалавек. "Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову — яўрэі, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны што, у нас прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню?". Гэтае выказванне паказалі прапагандысты.
Пасля гэтага міністр замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац абвінаваціў Лукашэнку ў антысемітызме. Ён сказаў, што яго заявы "з'яўляюцца непрымальнымі і абуральнымі, а яго заўвагі гучаць як выразны антысемітызм".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.