Пасля рамонту вадаправоду ў Давыд-Гарадку з трубаў пацякла іржавая вада
Карыстальнікі сацсетак з Давыд-Гарадка сталі скардзіцца на якасць пітной вады пасля рамонту вадаправоду, паведамляе БЕЛТА.
Горад рыхтуецца да абласных "Дажынкаў-2017", прызначаных на 2 верасня. У сувязі з гэтым у Давыд-Гарадку вядзецца мноства будаўнічых і рамонтных работаў.
Па словах дырэктара Столінскага раённага ЖКГ Аляксандра Максімчука, часовыя нязручнасці выкліканыя перакладкай магістральнага вадаправода. Пры замене старых трубаў на новыя ў горадзе 8 жніўня адключалі водазабеспячэнне.
"Мы пераклалі галоўную частку гарадскога вадаправода — ад водазабору да вуліцы Энергетычнай. Усяго замянілі больш за 500 м магістралі. Было планавае адключэнне вадаправода, зараз ідзе яго прамыванне: трубы чысцім, дэзінфікуем. Не выключана, што ў кагосьці ідзе вада з іржой. Гэта часова. Мы тлумачылі людзям, што трэба крыху патрываць, каб потым атрымліваць якасную ваду. Плануем сёння ўсе гэтыя працы скончыць", — заявіў дырэктар Столінскага ЖКГ.
Да "Дажынак" у горадзе ўпарадкоўваюць каля 30 розных аб'ектаў. З мясцовага бюджэту на падрыхтоўку да свята накіравана каля 6,5 млн рублёў. Ужо закончаныя работы па пераабсталяванні Цэнтра дзіцячай творчасці, адрамантаваныя гарадская лазня, кацельня, Дом быту. Будаўнікам трэба будзе заасфальтаваць каля 8 км цэнтральных вуліц і адрамантаваць да 15 км грунтовых гарадскіх дарог.