Пасля здарэння на "Гродна Азоце" ў бальніцы апынуліся 4 чалавекі

Пасля здарэння на "Гродна Азоце" ў бальніцы апынуліся 4 чалавекі

Пасля здарэння на ААТ "Гродна Азот" у бальніцы апынуліся 4 чалавекі. Дваіх рабочых учора прывезла "хуткая", яшчэ двое звярнуліся да лекараў пазней. Адзін з іх дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі, паведаміў БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак.

Як паведамляла Еўрарадыё, раніцай 6 чэрвеня ў адным з цэхаў "Гродна Азота" загінулі двое рабочых. Падчас правядзення агнявых работ іскра патрапіла на гідраксіламінсульфат. На месца здарэння выязджалі 16 аўтамашын спецтэхнікі МНС, наступствы здарэння ліквідавалі на працягу гадзіны. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "службовая халатнасць" (арт. 428 КК), паведаміла прэс-служба УСК па Гродзенскай вобласці. Ратавальнікі адразу ж супакоілі, што ніякай небяспекі для жыхароў Гродна не было. Тым не менш, санітарная служба ўзяла для даследавання пробы паветра.

Па словах Стрыжака, двое пацярпелых, якіх прывезла ў бальніцу хуткая дапамога, атрымалі інгаляцыйнае атручванне парамі гарэння. Увечары ў панядзелак падобныя сімптомы праявіліся ў яшчэ аднаго чалавека і ён звярнуўся па меддапамогу (яго забрала "хуткая"). Мужчыну таксама паклалі ў рэанімацыю. Чацвёрты пацярпелы прыйшоў да лекараў самастойна, ён паскардзіўся на слёзацёк. Мужчыну шпіталізавалі ў аддзяленне таксікалогіі.

Стан траіх чалавек ацэньваецца як здавальняючы. Дваіх пацярпелых сёння пераводзяць з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленне. Стан рабочага, які застаецца ў рэанімацыйным аддзяленні, "застаецца бліжэй да цяжкага", але пагрозы для жыцця няма, кажуць лекары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі