Пастаўшчык: “Уся запазычанасць ProStore перад намі пратэрмінаваная”

Пастаўшчык: “Уся запазычанасць ProStore перад намі пратэрмінаваная”

У ProStore кажуць, што “ўсё добра”, хоць на паліцах і бачны недахоп асартыменту. “Няма паставак пакуль”, — каротка адказваюць супрацоўніцы супермаркета. Іншых тлумачэнняў не даюць.

Тады Еўрарадыё звярнулася да пастаўшчыкоў гандлёвай сеткі. Прадстаўніца адной з птушкафабрык кажа, што ProStore мае запазычанасць, але прыблізны памер назваць адмаўляецца, маўляў, камерцыйная таямніца. На пытанне, як даўно няма разліку за тавар, адказвае так:

“Не тыдзень і не два. Тэрмін нашмат даўжэйшы. Мы ведаем, што яны маюць праблемы, але цярпліва чакаем. Нам пастянна абяцаюць, маўляў, яшчэ крыху, і выйдзем з крызісу, усё будзе добра, як раней. А раней яны плацілі вельмі добра. Ну, час цяпер складаны, мы ўсё разумеем, ідзем насустрач”.

Прадстаўнік піваваранай кампаніі таксама кажа пра пратэрмінаваную запазычанасць:

“На дадзены момант уся запазычанасць сеткі ProStore перад намі пратэрмінаваная. Уся яна ўжо цягнецца больш чым 45 дзён”.

Дырэктар фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”, якая ладзіла пастаўкі індычнага мяса ў крамы ProStore, кажа, што праз пратэрмінаваную запазычанасць нават падалі ў суд.

“Так, мы падалі ў суд. Справа знаходзіцца там, суд выносіць сваё рашэнне”.

У Міністэрстве гандлю ніякіх каментароў пра праблемы гэтай гандлёвай сеткі не даюць. Адмаўляюцца тлумачыць сітуацыю і ў адміністрацыі ProStore.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі