Трапіць у Крым праз Украіну беларусы не змогуць — дазволу на гэта не даюць
Калі ж ехаць туды праз Расію, то вярнуцца дадому праз тэрыторыю Украіны магчымасці не будзе, бо памежнікі не прапусцяць.
Атрымаць спецдазвол на наведванне Крыма можна ў любым горадзе Украіны, дзе ёсць структуры Дзяржаўнай міграцыйнай службы гэтай краіны. Але спіс прычын, па якіх гэты дазвол даюць замежнікам, вельмі абмежаваны. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Сяргей Гунько.
Гунько: “Замежнік па спецдазвол можа звярнуцца ў любое падраздзяленне міграцыйнай службы па месцы знаходжання. Знаходзіцца ён можа дзе заўгодна, таму гаворка ідзе пра ўсю тэрыторыю Украіны. Але ж не можа стаць падставай для выдачы такога дазволу адпачынак. Паездка да блізкіх сваякоў — так, на магілу да блізкага сваяка ці члена сям’і — так, з нагоды смерці блізкага сваяка — так, наяўнасць ўласнасці ў Крыме — так, дыпламатычныя і консульскія функцыі і ўсё”.
Таксама не дапамогуць словы пра блізкіх сяброў, якія запрасілі ў госці, і пра каханую дзяўчыну, што жыве ў Крыме. Тым жа, хто трапляе пад пералік, давядзецца чакаць дазволу на права выехаць у Крым 5 дзён.
Калі нехта вырашыць абысці працэдуру атрымання спецдазволу і праедзе ў Крым праз Расію, то вярнуцца праз Украіну не атрымаецца — наяўнасць дазволу дзейнічае як на ўезд у Крым, і выезд з яго. Памежнікі такога падарожніка проста не прапусцяць, кажа Сяргей Гунько. Маўляў, вяртайся так, як і прыехаў. Але ўнясуць звесткі парушальніка ў адпаведную базу і чалавек стане неўязным ва Украіну.
Колькі беларусаў звярнулася ў міграцыйную службу па атрыманне спецдазволу на паездку ў Крым, пакуль не вядома. Па словах Сяргея Гунько, адпаведныя звесткі будуць па выніках месяца дзеяння пастановы ўкраінскага ўраду пра “Парадак ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны ды выезду з яе”, які пачаў дзейнічаць 4 чэрвеня бягучага года.
Спіс дакументаў, якія неабходна падаць для атрымання спецдазволу на паездку ў Крым, можна пабачыць тут.