Лукашэнка забараніў інфляцыі перавышаць 7%
Лукашэнка прыехаў у Дом урада правесці пасяджэнне Саўміна / @pul_1
Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу сабраў урад, каб абмеркаваць сітуацыю ў эканоміцы і вырашыць, што рабіць далей. Паводле яго слоў, паўнавартаснай антысанкцыйнай перабудовы эканомікі, на жаль, яшчэ не адбылося. Хоць з лета сітуацыя крыху палепшылася.
Ён нагадаў, што праз санкцыі "пад удар трапілі практычна ўсе ключавыя экспартныя галіны, 40% нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў". Санкцыі супраць Беларусі ўвялі за падаўленне пратэстаў, арганізацыю міграцыйнага крызісу і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Лукашэнка застаўся незадаволены слабым узроўнем інвестыцый у эканоміку, асабліва ў сферу стварэння імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Новых прадпрыемстваў практычна няма, "а інвестыцыі, асабліва ў рэгіёнах, — гэта развіццё населенага пункта", агітаваў сваіх чыноўнікаў Лукашэнка.
Ён таксама запатрабаваў і далей стрымліваць інфляцыю. "Такога ўсплёску, які адбыўся мінулай восенню, больш дапускаць катэгарычна нельга. Якімі хочаце спосабамі (манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі), але дамагайцеся, каб, як дамовіліся, трымаць калідор у раёне 7%. Гэтая лічба павінна быць чырвонай лініяй", — сказаў Лукашэнка. І прыгразіў жорсткімі мерамі бізнесу і гандлю, калі яны рызыкнуць гэтую лінію перасекчы.
Асобна Лукашэнка звярнуўся да Міністэрства замежных спраў, запатрабаваў даводзіць "да дзелавой супольнасці ў кожнай краіне знаходжання дыпмісій пазіцыю, што Беларусь — адкрыты, сумленны і міралюбівы партнёр". Гаворка ў тым ліку пра еўрапейскія краіны. Лукашэнка мяркуе, што "сур'ёзныя бізнесоўцы, у адрозненне ад многіх заходніх палітыкаў, разумныя і прагматычныя", гатовыя да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і "нават цяпер шукаюць магчымасці аднавіць старыя бізнес-сувязі і стварыць новыя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.