Паўтары гадзіны хапіла, каб пазбавіць нас ільгот

Праект закона аб сацыяльных ільготах, правах і гарантыях быў прыняты 23 траўня адразу ў двух чытаннях за паўтары гадзіны. Толькі адзін дэпутат выказаўся “супраць”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі гэта звычайная і нармальная практыка для Беларусі — прымаць законы так хутка адразу ў двух чытаннях.
Вольга Абрамава, якая і была той адзінай з дэпутатаў, што прагаласавала “супраць”, кажа, што гэта звычайная практыка і нічога дзіўнага ў гэтым няма:

“Не аднойчы законы прымаліся ў двух чытаннях, калі да законаў не было прэтэнзіяў з боку большасці. Ну што тут можа быць дзіўнага, калі ўсе бачылі, што адбывалася. Дзіўна тое, што гэты закон быў прапанаваны”.

А большасць і сапраўды не мела прэтэнзіяў. Прынамсі, так паказала галасаванне. Хаця яшчэ напярэдадні падчас працы апошняй сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты выказвалі незадавальненне законапраектам і ўносілі прапановы.

Прыняцце праекта закону адразу ў дзве сесіі значыць, што ніякіх паправак падчас абмеркавання не прымалася. Няўжо ніхто нічога не прапанаваў? Адказвае дэпутат Сяргей Касцян:

“Былі выказванні, былі прапановы. І з гэтай мэтай створана камісія па падрыхтоўцы праекта указа прэзідэнта, дзе ўсе гэтыя прапановы і заўвагі будуць улічаныя ва ўказе, накіраваным на адрасную сацыяльную падтрымку ўсіх тых, хто мае патрэбу ў ёй”.

Тады ўзнікае пытанне, што так доўга рабілі дэпутаты, калі, па іх словах, закон ужо рыхтуецца некалькі год, а ўказ прэзідэнта аб адраснай дапамозе ўсё яшчэ не гатовы? І для чаго тады трэба другое чытанне? Гаворыць дэпутат Ганна Бурава:

“У першым чытанні прымаецца ідэя, канцэпцыя. Так ці не. Згодна з нашым рэгламентам. У другім чытанні ідзе прапрацоўка дэталяў. Калі прапрацоўка дэталяў ідзе спачатку, то законапраект магчыма прыняць у першым і другім чытанні”.

Якія яшчэ законы прымаліся такім жа чынам? Еўрарадыё звярнулася да старажылы беларускага парламентарызму Мечыслава Грыба:

“Гэта наогул практыка ненармальная. Калі які-небудзь просты закон прымаюць адразу ў двух чытаннях, гэта адно. А калі прымаецца закон складаны, які тычыцца мільёнаў грамадзянаў нашай краіны, то гэта ні ў якія вароты не лезе”.

І што ж гэта за законы? Паспрабавала нам адказаць Ганна Бурава:

“Вельмі шмат. Адразу ў двух чытаннях што мы прымалі… Сёння нейкі быў, не памятаю… аб адміністрацыйным нейкім гэтым… Аб унясенні змяненняў у закон аб чымсьці, звязаным з рыбалоўствам і гэтым… Па-мойму, таксама ў двух чытаннях прынялі”.

Мечыслаў Грыб таксама не змог дакладна прыгадаць такіх законаў, але ўжо не таму, што іх было шмат:

“Былі такія выпадкі, але вельмі-вельмі рэдка. Гэта былі такія простыя законы, з якімі не трэба было вазіцца, калі ўсе разумелі, што іншага выйсця няма і трэба вырашаць гэтае пытанне вельмі тэрмінова”.

Закон аб сацыяльных ільготах і гарантыях, а дакладней аб іх адмене, распрацоўваўся ўжо з 2003 года. Аднак толькі нядаўна яго пачалі актыўна абмяркоўваць. Магчыма, з-за таго, што прэзідэнт сам пралабіраваў гэты праект і папрасіў разгледзець дакумент у першую чаргу без пытанняў.

Так і было зроблена. Законапраект разгледзелі без усякіх пытанняў. Пытанні засталіся па-за парламентам. І самыя злабадзённыя з іх: калі будзе падпісаны ўказ аб адраснай дапамозе, і каму яна дастанецца?..

Сам законапраект можна пачытаць па гэтай спасылцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі