Павел Белавус: Як я бачу наступнае 25 сакавіка

Павел Белавус:  Як я бачу наступнае 25 сакавіка

Адзін з арганізатараў #БНР100 Павел Белавус напісаў пост у Facebook, пра тое, што наступнае 25 сакавіка ён бачыць "Як Дзень святога Патрыка, як Казюкас, як Актоберфест, як Свята красавання сакуры". 

Запомніце гэты пост. 

"Якім я бачу 25 сакавіка ў наступным годзе і будучыні!

Гэта мая асабістая канцэпцыя, якая нарадзілася пасля #БНР100 "Свята Незалежнасці" і зараз сфармавалася ў больш-менш дакладны выгляд. Цікава будзе пачуць вашыя думкі і меркаванні наконт яе, каб разумець, у якім кірунку рухацца пры планаванні мерапрыемстваў у наступным годзе.

Дзень Беларусі!

Лічу, што найлепшай агульнай назвай для 25 сакавіка будзе – Дзень Беларусі #belarusday. У нас ёсць некалькі афіцыйных і неафіцыйных Дзён Незалежнасці і блізкіх да яго, ёсць ужо шматгадовы “Дзень Волі”. Але гэта ўсё не тое. Па факту 25 сакавіка – гэта своеасаблівы Дзень нараджэння Беларусі, дзень пачатку фармавання сучаснай Беларусі, яе дзяржаўнасці, дзень, з якога пачалася новая гісторыя Беларусі.

Гэта простая і прыгожая форма, якая можа ўвасабляцца ў разнастайных варыяцыях. І з улікам таго, што галоўны вокліч беларусаў "Жыве Беларусь", а жыць Беларусь пачала якраз 100 гадоў назад, у тыя часы, дарэчы, і з’явіўся гэты вокліч. Ды і адказ на гэты вокліч “Жыве вечна!” цяпер гучыць больш упэўнена, бо Беларусь (менавіта Беларусь, а не ВКЛ, Рэч Паспалітая, Полацкае княства) дакладна ўжо стагоддзе жыве.

Таму першая прапанова такая:

пачаць кампанію па прызнанні 25 сакавіка дзяржаўным святам і святочным днём з формай назвы “Дзень Беларусі”, і паралельна міжнародную кампанію па папулярызацыі 25 сакавіка як Міжнароднага дня Беларусі з кароткай назвай “Belarus day”.

З гэтай канцэпцыі можа пачацца яскравая і шырокая кампанія, якая будзе папулярызаваць Беларусь на розных узроўнях.

На міжнародным узроўні правядзенне ў гэтыя дні шматлікіх акцый і мерапрыемстваў пад агульнай назваю “Belarus day”, прысвечаных Беларусі: дыяспарамі і беларускімі супольнасцямі, арганізацыямі (што ўжо і так адбываецца шмат гадоў), кампаніямі з беларускім капіталам ці створанымі беларусамі, прадстаўніцтвамі ў розных краінах, дыпламатычнымі ўстановамі і дзяржаўнымі структурамі.

100-годдзе БНР паказала, што мы, беларусы, на гэта здольныя, і сотні мерапрыемстваў у розных кутках свету пра гэта сведчаць.

Калі дзяржава будзе супрацьстаяць і не падтрымліваць такія ініцыятывы, то ўсё адно праз грамадскія ініцыятывы і міжнародныя арганізацыі дамагацца прызнання статуса гэтага дня з запускам акцыі “Павіншуй Беларусь з днём нараджэння”, каб як звычайныя грамадзяне розных краін, так і палітыкі ды кіраўнікі розных дзяржаў масава віншавалі як беларусаў, так і кіраўніцтва краіны на розных узроўнях з гэтым днём.

25 сакавіка павінен стаць днём, калі ў свеце гавораць пра Беларусь, віншуюць Беларусь, знаёмяцца з Беларуссю, прыязджаюць ці па выніку плануюць прыезд у нашую краіну.

Што ў самой Беларусі можа адбывацца ў гэты дзень. Калі гэта Дзень нараджэння, то ён павінен займець нейкія традыцыі, якія ўласцівыя і дню нараджэння чалавека.

Гэта:

– галоўныя колеры, якія ёсць у любога нацыянальнага свята, – белы і чырвоны паўсюль: ва ўбранні вуліц, крамаў, будынкаў, людзей;

– традыцыйныя элементы: людзі прыходзяць на працу ці ў госці ў строях з нацыянальным каларытам, збіраюцца ў кавярных ды рэстарацыях, дзе разам адзначаюць, гамоняць, спяваюць беларускія песні;

– святочныя паштоўкі, падарункі ў нацыянальным стылі, якімі беларусы віншуюць адзін аднога, віншуюць беларусаў людзі з розных куткоў свету, такі калектыўны дзень нараджэння для ўсіх – калі ты і імяніннік, і госць свята адначасова, і вакол усе такія;

– прэзентацыя новых прадуктаў: да гэтага дня розныя беларускія прадпрыемствы, вытворцы, выдавецтвы стараюцца прымеркаваць выпуск новага і цікавага, каб парадаваць, а можа і здзівіць беларусаў,

– вялікае штогадовае нацыянальнае свята ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, задача якога – пазнаёміць беларусаў з дасягненнямі краіны ў розных сферах за год, з новымі і яскравымі ініцыятывамі, натхніць і заахвоціць.

Для свята я прыдумаў некалькі назваў, але можа быць і іншая:

Новая Беларусь – фестываль Беларусі новага стагоддзя,
Наша Ўсё! – паказаць беларускае самім беларусам,
Open Belarus – адкрыць і паказаць Беларусь.

Калі разважаць пра 2019 год, то для правядзення маштабнага свята ў Мінску я бачу дзве сукупныя лакацыі:

1. Палац спорту, пляцоўка перад Палацам спорту і “Галерэя Мінск”,
2. Арэна Мінск, пляцоўка перад Арэнай і канькабежны стадыён.

Калі наступная дата 25 сакавіка будзе прынятая выходным і святочным днём, то ўсе асноўныя мерапрыемствы адбудуцца без зменаў – 25-га. У іншым выпадку фестываль пройдзе 24-га сакавіка, а 25-га толькі вялікі вечаровы святочны канцэрт.

З чаго будзе складацца фестываль.

Калі пачаць падрыхтоўку ўжо з вясны 2018-га, то варта распланаваць шэраг разнастайных мерапрыемстваў з фіналам у сакавіку 2019-га.

Асноўныя складнікі фестывалю (кожным накірункам займаюцца прафесіяналы і практыкі ў гэтай сферы):

– Бізнес-форум – дыскусійная пляцоўка, дзе шчыра без пыхі адбываецца адкрытая размова пра дасягненні, праблемы і перспектывы Беларусі, 
– Мастацтва – прэзентацыя сучаснага і актуальнага візуальнага беларускага мастацтва,
– Музыка – дзве пляцоўкі: новае і актуальнае (цягам году ідзе конкурс у выніку якога лепшыя трапляюць у фінальны канцэрт), лепшае (святочны канцэрт з удзелам папулярных калектываў, гасцей і запрошаных зорак),
– Камунікацыйная пляцоўка – прэзентацыйныя стэнды розных культурных, грамадскіх і палітычных арганізацый, кірмаш ідэй, дзіцячыя пляцоўкі, кірмаш гатовых прадуктаў і г.д.

25 сакавіка можа ў будучым стаць яшчэ больш значнай датай у агульным штогадовым календары беларуса. Адметнай датай, з якой рэальна зрабіць і нацыянальны пазнавальны брэнд Беларусі ва ўсім свеце, як ірландскі Дзень святога Патрыка, як Казюкас у Літве, як Октоберфест у Германіі, як Свята красавання сакуры ў Японіі.

Безумоўна, што ў кожнага з гэтых святаў розная гісторыя, традыцыі і формы, але кожнае з іх з’яўляецца брэндам краіны, які папулярызуе яе традыцыі на ўвесь свет.

Вясновы час, калі прачынаецца пасля зімы прырода і зямля, час калі і сам беларус абуджаецца, мабыць, не выпадкова ў гэты час і была абвешчана незалежнасць БНР, якая і дала жыццё новай Беларусі.

Вось такая ідэя. Чакаю вашых каментароў, ідэй і развіцця тэмы."

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі