Павел Усаў: Апазіцыі трэба працаваць на фабрыках і заводах

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да ідэі Народнага сходу і да яе рэалізацыі?

Павел Усаў: Ідэя была вельмі добрая — рэалізаваць такі сход, каб паказаць перш за ўсё ўладам, што існуе даволі вялікая група людзей, незадаволеных той палітыкай, якую праводзіць беларускі рэжым, але добрая ідэя была кепска рэалізаваная. Вельмі мала людзей прыняло ўдзел і не былі дасягнутыя нават тыя мэты, якія ставіліся. Перш за ўсё прычына ў тым, што сход быў арганізаваны не адразу, калі ўзніклі эканамічныя ды сацыяльныя шокі ў грамадстве, пасля дэвальвацыі ды павелічэння коштаў. Арганізатары адкладалі сход на восень, гэта паспрыяла таму, што людзі проста прызвычаіліся да цяжкай сітуацыі, зразумелі, што нічога змяніць не ўдасца, ні пры дапамозе мітынгаў, ні пры дапамозе сходаў. Пік актыўнасці грамадства быў улетку. Але людзі не адчувалі, што яны дасягаюць нечага пры ўдзеле ў акцыях, таму ўсё пайшло на спад. Нават у тых, хто ўдзельнічаў, не было ўпэўненасці, што ўдзел у Народным сходзе штосьці зменіць. Апроч таго, Народны сход арганізоўвалі тыя ж людзі, якія да гэтага арганізоўвалі розныя мерапрыемствы, якія ніколі не дасягалі вынікаў. Людзі не вераць апазіцыйным лідарам, і таму няма чаго чакаць, што далейшыя акцыі, арганізаваныя апазіцыяй, будуць мець сэнс.

Еўрарадыё: Між тым, арганізатары  не лічаць акцыю правальнай і прызначылі яе працяг на 12 лістапада. Ці будзе мець сэнс гэты працяг?

Павел Усаў: Праблема ў тым, што прадстаўнікі апазіцыі ніколі не прызнаваліся ў сваіх памылках. Калі казаць пра дасягненне пэўных вынікаў, то акцыя была абсалютна непаспяховай. Проста апазіцыі ўдалося паказаць, што яна яшчэ ёсць і што на акцыі яшчэ прыходзяць людзі. 12 лістапада нічога не будзе. Калі збярэцца такая ж колькасць людзей як 8 кастрычніка, то будзе добра. Але ў акцыях, якія не маюць вынікаў, людзі не будуць удзельнічаць, бо не бачаць сэнсу. Гэта мы бачылі на прыкладзе маўклівых акцый: людзі перасталі прымаць удзел, бо не бачылі зменаў. Апазіцыя павінна працаваць з працоўнымі калектывамі, на фабрыках і заводах, там спрабаваць ствараць камітэты салідарнасці і прызываць да забастовак, а не чакаць, пакуль людзі самі выйдуць на вуліцы. Збірацца на Бангалоры — далёка ад цэнтральных вуліцаў — тое самае, што збірацца дзе-небудзь у лесе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі