Пажары ў Бранску і ракетныя абстрэлы "Азоўсталі" — 61-я раніца вайны

Пажары ў Бранску / фота з сацсетак
Пажары ў Бранску / фота з сацсетак

У расійскім горадзе Бранску (а Бранская вобласць мяжуе з Украінай) мінулай ноччу паўсталі два буйныя пажары. Расійскія СМІ паведамляюць, што гарэла мясцовая нафтабаза. Другім падпаленым аб'ектам мог быць арсенал галоўнага ракетна-артылерыйскага кіравання. Аб гэтым піша ўжо ўкраінскае інфармагенцтва УНІАН. Але яно адзначае, што гэта непацверджаная інфармацыя.

Паветраная трывога гэтай раніцай гучала амаль па ўсёй Украіне. Паводле ацэнак Украінскага Генштаба, расіяне "спрабуюць ісці ў наступ на ўсходзе для ўстанаўлення поўнага кантролю над Данецкай і Луганскай абласцямі, а таксама забеспячэння сухапутнага шляху паміж Данбасам і Крымам". У Луганскай вобласці ўчора, на Вялікдзень, у выніку расійскіх абстрэлаў згарэлі тры шматпавярхоўкі і чатыры прыватныя дамы, распавядае кіраўнік рэгіёну Сяргей Гайдай. Больш за ўсё ад абстрэлаў пакутавалі Лісічанск, Севераданецк, Рубежнае і Горнае. У Лісічанску расіяне ў трэці раз патрапілі ў нафтаперапрацоўчы завод.

Па Харкаву напярэдадні таксама стралялі. Ратавальнікі ліквідавалі 8 пажараў, якія ўзніклі пасля расійскіх абстрэлаў. У Марыупалі расіяне працягваюць наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па тэрыторыі завода "Азоўсталь". Там трымаюць абарону ўкраінскія нацгвардзейцы. Пра гэта таксама паведамляюць у Генштабе УСУ.

Тым часам, самі гвардзейцы з палка "Азоў" напярэдадні апублікавалі яшчэ адно відэа з грамадзянскімі людзьмі, якія вымушаныя хавацца ў падвалах заблакаванай "Азоўсталі".

Расія хоча стварыць сухапутны мост у Крым і дамінаваць на поўдні Украіны, канстатуе брытанская выведка. Вытрымкі з чарговай справаздачы прыводзіць "Громадське". Для дасягнення гэтай мэты расіяне і праводзяць "рэферэндум" у Херсоне аб стварэнні так званай ХНР — гэта ўтварэнне  трэба расіянам, каб замацаваць кантроль над горадам.

Між тым украінскае аператыўнае камандаванне "Поўдзень" паведамляе, што расіяне закрылі для ўезду і выезду населеныя пункты, якія рыхтуюць да правядзення "рэферэндуму".

У Кіеў, тым часам, прыехалі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністр абароны Лойд Остын. Яны ўжо сустрэліся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і паведамілі, што ў бліжэйшы час ва Украіну могуць вярнуцца амерыканскія дыпламаты. Акрамя таго, яны распавялі аб новым пакеце дапамогі. Украіна і 15 краін-саюзнікаў атрымаюць 713 мільёнаў долараў. З іх Украіна — 322 мільёна долараў. Астатнія сродкі размяркуюць паміж чальцамі NATO і краінамі, якія перадавалі Кіеву зброю для адбіцця расійскай агрэсіі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на амерыканскага чыноўніка. Расія са свайго боку накіравала ЗША ноту з патрабаваннем спыніць пастаўкі ўзбраення ва Украіну.

Уладзімір Пуцін хоча да 9 траўня захапіць паўднёвую частку Украіны, уключаючы Адэсу, мяркуе вядомы журналіст-даследчык Хрыста Грозеў.

"Калі  гэта не атрымаецца — а мне здаецца — што ў іх гэта не атрымаецца, — то яны будуць гатовыя ў апошнюю хвіліну пайсці на больш тэрарыстычныя меры, а гэта і прымяненне хімічнай зброі", — дадаў Хрыста Грозеў. Яго цытуе УНІАН.

Са слоў Грозева, ён бачыць паніку сярод кіраўніцтва РФ і жаданне "прадаць" хоць якую-небудзь "перамогу" да 9 траўня.

Пожары в Брянске и ракетные обстрелы "Азовстали" — 61-е утро войны
У суботу ў выніку абстрэлу Адэсы загінулі 8 чалавек, сярод якіх было трохмесячнае дзіця / @odesacityofficial

Тым часам у Таліне таксама асцерагаюцца ваеннай агрэсіі з боку Расіі. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў украінскім журналістам пасол Эстоніі ва Украіне Каіма Кууск.

"Мы ведаем, што ў Расіі ёсць ваенныя планы супраць нас. У іх запланаваныя вучэнні, якія яны хочуць правесці. Таму нам не трэба чакаць. Мы даем Украіне зброю, і кожны "Джавелін", які знішчае расійскі танк, робіць пагрозу супраць нас меншай", — заявіў эстонскі амбасадар. Яго словы прыводзіць "Громадське".

Для аднаўлення Украіны могуць быць прыцягнутыя замарожаныя расійскія актывы. Гэтае пытанне Украіна абмяркоўвае з ЗША і іншымі партнёрамі, распавёў у інтэрв'ю CBS заявіў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль. На думку Шмыгаля, перадача гэтых сродкаў пацярпелай Украіне будзе добрым прыкладам для ўсіх будучых агрэсараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі