Пазняк пракаментаваў "атаку на Сахашчыка"

Пазняк пракаментаваў "атаку на Сахашчыка"

Зянон Пазняк пракаментаваў "атаку на Сахашчыка" і ў чарговы раз яго падтрымаў. "Падпалкоўнік Валерый Сахашчык стаў дэсідэнтам сістэмы, але шлейф сістэмы будзе цягнуцца за ім і душыць сведчаннем павязанасці з яе існаваннем",піша палітык у Facebook. Далей ён распавядае гісторыю, як беларускія спецслужбы падчас ператрусу знайшлі ў доме Сахашчыка расійскі пашпарт і яго фотакопію апублікавалі ў інтэрнэце, каб скампраметаваць.

"Сведчанне, аднак, нікчэмнае, мае сваё тлумачэнне (звычайна "вяжуць" крывёй, карупцыяй, вярбоўкай спецслужбаў ды грашыма), — працягвае Пазняк. — Вэрхал, усчаты ў СМІ і ў сацыяльных сетках, таксама нікчэмны. Кантора не ў стане абвінаваціць афіцэра ў парушэнні закона, маралі, ці нават дысцыпліны...  Усё накіравана на тое, каб стварыць ўражанне, што Сахашчык не парваў з рашысцка-лукашысцкай сістэмай, што давяраць яму нельга".

Зянон Пазняк называе "некалькі схаваных прычынаў рэжымнай атакі на падпалкоўніка Сахашчыка". Першая — "гэта яго прафесійная функцыя ў стварэнні аддзелаў Беларускага вызвольнага войска". Другая — гэта падтрымка яго дзейнасці з боку Пазняка. Трэцяя — каб асобу Сахашчыка не прымалі "ў асяроддзі беларусаў нацыянальна-вызвольнага руху". Чацвёртая і галоўная — "узбудзіць недавер да асобы падпалкоўніка Валерыя Сахашчыка ва Украіне і ва ўкраінскага кіраўніцтва, бо якраз там... можна фармаваць беларускія ваенныя аддзелы і змагацца з рашысцкім акупантам у шэрагах украінскай арміі".

Пазняк упэўнены, што "атака на Сахашчыка" сваёй мэты не дасягне.

Валерый Сахашчык — былы камандзір брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады, са жніўня 2022-га — прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бяспецы. Зянон Пазняк ужо выказваўся ў яго падтрымку, нягледзячы на тое, што крытычна ставіцца да Ціханоўскай і яе кабінета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі