Пазняк выступіў катэгарычна супраць перапахавання Каліноўскага ў Беларусі
Зянон Пазняк выступіў катэгарычна супраць перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. "Я вельмі абураны гэтай ідэяй, яна крайне неразумная", — заявіў палітэмігрант, лідар КХП-БНФ у каментары Радыё Свабода.
Пазняк нагадаў, што дзейнасць і смерць Каліноўскага звязаная з Вільняй, што ён падпісваўся ў "Мужыцкай праўдзе", як "Яська, гаспадар з-пад Вільні". "Ягоная смерць у гэтым месцы — сакральная, — кажа палітык. — Туды беларусам трэба хадзіць калі не на каленях, то хаця б пешшу. І гэтая магіла павінна быць там... Яго месца там, дзе ён змагаўся, дзе ўвайшоў у гісторыю, дзе ён паклаў сваё жыццё за Беларусь".
З ініцыятывай перапахавання Кастуся Каліноўскага не ў Вільні, а ў Беларусі выступіла вялікая група беларускай інтэлігенцыі. Уладам Літвы быў накіраваны адпаведны зварот, у інтэрнэце працягваецца збор подпісаў.
Кастусь Каліноўскі (1838 — 1864) — кіраўнік вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, выдавец беларускамоўнай "Мужыцкай праўды". Ён быў пакараны смерцю расійскімі ўладамі ў Вільні. Парэшткі Каліноўскага і іншых паўстанцаў былі выпадкова знойдзены. Сёлета ў літоўскай сталіцы запланаванае ўрачыстае іх перапахаванне. У Вільню збіраліся запрасіць і прадстаўнікоў уладаў Беларусі. У апошнія гады ў афіцыйных СМІ нашай краіны пачалі крытычна выказвацца пра дзейнасць Каліноўскага, чаго не было нават у савецкія часы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.