Зварот пра перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі перадалі ў Сейм Літвы
З'явілася ініцыятыва перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся з такой просьбай да кіраўніцтва Літвы. Зварот ужо перададзены ў Сейм Літвы.
"Мы разумеем, што вы... таксама расцэньваеце Канстанціна Каліноўскага як свайго героя, — пішуць аўтары звароту. — Мы разумеем і паважаем ваша імкненне да таго, што пахаванне Канстанціна Каліноўскага павінна знаходзіцца ў адмысловым месцы — пантэоне змагароў за свабоду. Такое месца патрэбна і нам, беларусам. Мы лічым, што нашага нацыянальнага героя... варта пахаваць у Беларусі, і просім літоўскі народ разгледзець такую магчымасць".
Аўтары звароту лічаць, што перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі ў час, калі існуе пагроза дзяржаўнай незалежнасці, "стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Бацькаўшчыну, свой народ, і як трэба за іх змагацца". Сярод дзясяткаў падпісантаў — Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня ТБМ Алена Анісім, пісьменнік Уладзімір Арлоў, галоўны рэдактар Еўрарадыё Павел Свярдлоў, музыка Лявон Вольскі, спартсмен Віталь Гуркоў. Подпісы працягваюць збірацца.
Кастусь Каліноўскі (1838 — 1864) — нацыянальны герой Беларусі, кіраўнік вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, выдавец беларускамоўнай "Мужыцкай праўды". Ён быў пакараны смерцю расійскімі ўладамі ў Вільні і тайна там пахаваны. Яго парэшткі і парэшткі групы іншых паўстанцаў былі знодзены літоўскімі археолагамі, на восень 2019-га ў літоўскай сталіцы запланаванае ўрачыстае іх перапахаванне. На яго збіраліся запрасіць прадстаўнікоў уладаў Беларусі.
Дарэчы, у афіцыйных СМІ Беларусі ў апошнія гады неаднаразова сцвярджалася, што Каліноўскага нельга лічыць нацыянальным героем Беларусі, паўстанне 1863-га называецца "польскім". Адмоўна да яго дзейнасці ставіцца і Праваслаўная Царква.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.