Святлана Ціханоўская ўшанавала магілы ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага

Падчас мерапрыемства / Святлана Ціханоўская
Лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе офіса адзначылі чарговую гадавіну пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага. Яны наведалі могілкі, дзе пахаваныя ўдзельнікі тых падзеяў. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа.
22 студзеня адзначаецца гадавіна пачатку паўстання 1863-1864 гадоў.
“Гэты дзень заўсёды адчуваецца значным і сакральным. Нягледзячы на цяжкі лёс тых, хто больш за 160 гадоў таму змагаўся за незалежнасць і свабоду, гэтая дата нясе ў сабе шмат надзеі і моцы. Мы ўсё яшчэ тут: памятаем і шануем спадчыну нашых герояў. Нашая барацьба за самастойную дзяржаву і права беларусаў самастойна вызначаць свой лёс – гэта працяг таго вялікага шляху, які пачалі яны.
Гэтая памяць, аднак, выходзіць за рамкі толькі нацыянальнай гісторыі. Паўстанне супраць царскага прыгнёту стала сімвалам супольнай барацьбы беларусаў, палякаў і літоўцаў. Гэтае адзінства нагадвае: нават у цяжкія часы мы знаходзім сілы для салідарнасці і агульнага супраціву.
Мы праз стагоддзі застаёмся ўдзячнымі Кастусю Каліноўскаму і ўсім паўстанцам за смеласць і самаахвярнасць. І мы ведаем, што нашыя нашчадкі будуць гэтак жа ўдзячныя ўсім беларусам, што працягваюць змагацца за агульную будучыню, свабоду і мір”, — напісала Святлана Ціханоўская ў сваім Тэлеграм-канале.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.