Пазняк заяўляе, што Сахашчык не апраўдаў ягоных авансаў
Зянон Пазняк / Еўрарадыё
Зянон Пазняк расчараваўся ў асобе чальца Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка. Гэта вынікае з яго выказванняў у эфіры ютуб-канала "Пара!".
Падчас гутаркі Пазняк заявіў, што за мяжой беларусы мусяць быць паўнавартаснымі грамадзянамі той краіны, дзе яны жывуць, карыстацца ўсімі яе правамі. Ён спаслаўся на тое, што так жыла беларуская эміграцыя ХХ стагоддзя: "Так жыла беларуская эміграцыя ў Канадзе. Так жыве ў Амерыцы. Яны ж не жывуць з пашпартамі Савецкага Саюза. Яны грамадзяне Амерыкі. І гэта трэба ўлічыць. Таму што гэтую ідыёцкую прапаганду праводзяць яшчэ з Савецкага Саюза: "Уехал — значит, предал Родину".
На думку Пазняка, беларусы павінныя ўключацца ў сацыяльную і палітычную сістэму тых краін, дзе яны жывуць, каб выкарыстоўваць свае магчымасці для вызвалення Беларусі.
Гэтага ж меркавання ён прытрымліваўся і ў дыскусіі наконт Валерыя Сахашчыка, калі абмяркоўвалі яго расійскі пашпарт. "І нават калі я, як гэта кажуць, паспрыяў Сахашчыку, даў яму шмат авансаў, на жаль, ён іх не апраўдаў. Там паднялі вэрхал. Там у яго пашпарт польскі, у яго пашпарт рускі. Ну дык гэта бізнэсмен, які ездзіў па ўсім свеце. І ён павінен гэта мець", — кажа Пазняк.
На яго думку, сувязі паміж атрыманнем пашпарта, грамадзянствам і патрыятызмам няма. "Наадварот, трэба мець усе магчымасці, каб дапамагаць сваёй дзяржаве", — заяўляе палітык.
Ён дадае, што бізнесоўцы маюць розныя пашпарты і ездзяць па ўсім свеце. "Вось такім быў Сахашчык. Бог з ім. Паглядзім, што з ім будзе далей", — кажа Пазняк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.