Пенсіянерцы з Горак прысудзілі 1,5 года "хатняй хіміі" за абразу сілавіка
Справу 69-гадовай жанчыны разглядалі ў судзе Горацкага раёна / horki.info
Да 1,5 года "хатняй хіміі" прысудзіў суд Горацкага раёна мясцовую пенсіянерку Наталлю Зубараву, паведамляюць праваабаронцы. Суд палічыў, што яна абразіла прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ)
Падставай для разгляду справы ў судзе стаў каментар у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Пад фатаграфіяй начальніка ІСН Аршанскага РАУС Дзмітрыя Вішнеўскага жанчына напісала: "Ну и рожа толстая".
У судзе Зубарава не прызнала сваёй віны. Сказала, што не лічыць свой каментар абразлівым. Яна спаслалася на цытату з Фёдара Дастаеўскага, у якога ёсць літаратурны выраз "лоснящаяся толстая рожа".
Пракурор Алеся Рыжанкова папрасіла для пенсіянеркі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта такі прысуд і вынес суддзя Віктар Ясковіч. Акрамя таго, ён пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы камп’ютар, на якім жанчына друкавала каментар, а таксама спагнаць з яе кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага сілавіка ў памеры 1000 рублёў.
Наталлі Зубаравай 69 гадоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.