Перад "маршам недармаедаў" у аршанскіх актывістаў забралі аргтэхніку
Увечары 6 сакавіка ў доме на вуліцы Чырвонаармейскай, 13, які займаюць пад офіс аршанскія дэмакратычныя актывісты, адбыўся ператрус, піша сайт orsha.eu. Міліцыянты прыйшлі акурат падчас абмеркавання "маршу недармаедаў", які мае адбыцца 12 сакавіка.
Потым да міліцыянтаў далучыліся прадстаўнікі Следчага камітэта, якія паказалі пастанову на ператрус, падпісаную пракурорам раёна Ігарам Белавусавым. Паводле дакумента, у адным з банкаў па вуліцы Камсамольскай выявілі фальшывую 5-рублёвую купюру, а ў офісе аршанскіх дэмакратаў ёсць капіявальная тэхніка. Следчыя чамусьці правялі нейкую сувязь паміж гэтымі данымі.
Падчас ператрусу прысутных папрасілі пакінуць памяшканне, але пры гэтым доўга не адпускалі дамоў. На скаргу Яўгеніі Казловай пра стан здароўя ёй паабяцалі выклікаць "хуткую", калі раптам зробіцца кепска.
Пры ператрусе следчыя забралі на экспертызу ўсю камп'ютарную і капіявальную тэхніку, і нават фарбу для прынтара.