"Перададзім твае апошнія словы бацькам": ГУБАЗ ператварае Беларусь у катавальню
Катаванні беларусаў працягваюцца кожны дзень / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У барацьбе з іншадумствам сілавікі працягваюць ператвараць Беларусь у катавальню. Яны ладзяць пагромы кватэр, выкрадаюць людзей, жорсткімі збіваннямі прымушаюць даваць паказанні і агаворваць сябе.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі расказаў пра абуральныя выпадкі парушэння правоў беларусаў і нагадаў, што чакае сілавікоў за іх злачынствы. Даклад падрыхтаваны паводле гутарак з пацярпелымі.
Еўрарадыё сабрала самае важнае адтуль.
“Цябе патопяць, ты сам мусіш ведаць, за што”
Пры падрыхтоўцы дакладу апытана 33 чалавекі, якія пацярпелі ад ГУБАЗіКа. Трое з іх былі выкрадзеныя. Аднаго жорстка затрымалі яшчэ 9 верасня 2020 года па дарозе на працу. Яму надзелі пакет на галаву і павезлі ў лес.
— У лесе пацярпеламу пагражалі смерцю: "Цябе патопяць, ты сам мусіш ведаць, за што цябе топяць". Выкрадальнікі замясілі бетонны раствор у вядры, знялі яму красоўкі і апусцілі ў вядро яго ногі, — гаворыцца ў дакладзе. — Потым прынеслі велізарны камень. "Яны мяне проста паклалі на зямлю, велізарны камень паклалі на грудзі і скотчам прыматалі яго да мяне. Выкрадальнікі спрабавалі інсцэнаваць працэс пакарання: рыхтавалі да патаплення, завязалі вочы, пранеслі ў звязаным стане з прывязаным да цела каменем. Пасля гэтага тузалі ля скроні затворам пісталета".
Затрыманага прымусілі на камеру "каяцца" за тое, што ён выходзіў на пратэсты.
— Адзін з сілавікоў сказаў: "Я табе дам магчымасць запісаць апошні зварот да бацькоў. Пройдзе год, і, калі ўсё ўляжацца, мы перадамо твае словы ім".
Пасля здымкі сілавікі кінулі хлопца ў лесе і з'ехалі.
“Дручок і ёсць адвакат”
Яшчэ адзін пацярпелы быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК у жніўні 2021 года. Адвезлі яго на Рэвалюцыйную, 3 у Мінску, дзе і месціцца ГУБАЗіК. Там мужчыну паклалі тварам у падлогу, а на просьбу даць адваката супрацоўнік Талчкоў пачаў біць яго нагамі па галаве.
— Пацярпелы працягваў патрабаваць адваката, у адказ з яго смяяліся, збівалі дручком, абражалі, зрэзалі дрэды і здзекліва казалі, што дручок і ёсць яго адвакат. “Праз мяне пастаянна пераступалі, білі мяне нагой па галаве, пяць разоў ударылі ботам у зубы. Удары па галаве наносілі такім чынам, што ў той момант я яшчэ біўся аб бетонную падлогу. Яны патрабавалі пароль ад тэлефона, я адмаўляўся, пасля чаго самы галоўны губазікавец дастаў з шафы дручок і пачаў мяне збіваць. Нанёс каля пяці ўдараў па спіне, па ...опе і лытках, пасля чаго зноў пачаў патрабаваць пароль. Я зноў адмаўляўся. Пабоі працягваліся, але пароль я не называў. Гэта працягвалася хвілін дваццаць".
Пад катаваннямі мужчыну ўсё ж прымусілі даць пароль ад тэлефона і сказаць на відэа, што ён анархіст і "неаднаразова прыцягваўся да адказнасці".
“Душыў мяне маім капюшонам курткі”
Акрамя таго, сілавікі практыкуюць стварэнне загадзя ілжывых звестак для завядзення крымінальных спраў, фальсіфікацыі крымінальных і адміністрацыйных спраў, правакацыі людзей на злачынствы, адзначаюць экспэрты.
У снежні 2021 года ў кватэру да іншага пацярпелага ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК. За адмову разблакаваць тэлефон яго пачалі катаваць.
Прыкрываючыся шырмай "выратаванне Радзімы", сілавікі ГУБАЗіК, якія ператварыліся фактычна ў садыстаў, гатовыя катаваць толькі дзеля задавальнення сваіх садысцкіх схільнасцяў, што пацвярджаюць некаторыя сведчанні пацярпелых, адзначаецца ў дакладзе. Такія дзеянні сілавікоў злачынныя з гледзішча і беларускага, і міжнароднага права. І за іх нясуць адказнасць як выканаўцы, так і "заказчыкі" — вышэйшыя службовыя асобы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.