"Перамога "Крумкачоў" над "Дынама" — гэта бяда"
17 траўня на стадыёне футбольнага клуба "Мінск" здараецца сапраўдная сенсацыя. Створаныя ўсяго два гады таму на інтэрнэт-форуме "Крумкачы" літаральна выносяць уперад нагамі мінскае "Дынама" — клуб з вялікай гісторыяй, традыцыямі і фінансамі. За дзве хвіліны да канца матча лік становіцца 4:1, і дынамаўскія фанаты паварочваюцца да сваіх футбалістаў спінамі — гэта самае непрыемнае, што могуць зрабіць заўзятары для футбалістаў.
Рэдактар папулярнага спартыўнага сайта "Трыбуна.бай" Максім Беразінскі гаворыць Еўрарадыё, што ўзровень футбола ў Беларусі зніжаецца. А месцамі ўвогуле ідзе на дно:
Напэўна, мы будзем гаварыць, што ўзровень чэмпіянату ўсё ж зніжаецца. А ў некаторых момантах ідзе на дно. Мы бачым прыклад таго ж брэсцкага "Дынама" — каманды з вялікімі пазыкамі і фінансавымі праблемамі, якая збіраецца перад самым чэмпіянатам, але можа гуляць, выйграваць і займаць нейкія месцы
Журналіст гаворыць, што ёсць ва ўсім гэтым і пазітыўныя моманты. На стадыёны вяртаецца сапраўдная шчырая атмасфера, якой даўно не хапала. Напрыклад, у "Крумкачоў" зусім няма адміністрацыйнага рэсурсу, аднак яны паспяхова збіраюць стадыён (гэта ўжо пятая па наведвальнасці каманда Вышэйшай лігі, за разгромам "Дынама" назірала 3100 чалавек):
"Учора на матчы "Крумкачоў" з "Дынама" была футбольная атмасфера, якой так не хапае Беларусі. Калі людзі прыходзяць на стадыён не таму, што іх прымушаюць, а таму, што хочуць падтрымаць сваю каманду. І яны крута гэта робяць".
Разам з тым журналіст лічыць, што з'яўленне "Крумкачоў" і іх поспехі — праява крызіснага часу. Ён адначасова і перашкаджае ім, і дапамагае:
"Гадоў пяць таму "Крумкачоў" проста змялі б. Таму што на заробак у 1000 долараў яны б не набралі склад. Цяпер сітуацыя змянілася. З аднаго боку, крызіс і "Крумкачам" цяжка прыцягваць грошы. У іх дагэтуль не сфармаваны бюджэт і, як прызнаецца кіраўнік клуба, ёсць затрымкі па заробках. Але ў той жа час гэты крызіс дазволіў "Крумкачам" выйсці з ніжэйшых дывізіёнаў у вышэйшы", — мяркуе эксперт.
Былы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Анатоль Байдачны на пытанне пра "Крумкачоў" рэагуе вельмі эмацыйна. Спецыяліст не схільны бачыць дасягненні маладога клуба. Байдачны гаворыць, што ў разгроме вінаватыя выключна футбалісты "Дынама". Маўляў, у іх у клубе даўно і ўсё не так, як павінна быць:
"Дынама" даўно, шмат гадоў нічога не робіць і няправільна развівае свой клуб. Аб гэтым усе гавораць. Каманда, у якой ёсць рэсурсы, фінансы, ёсць усё, прайграе іншай, якую збіралі на вуліцы. Вось такой камандзе прайграе цяпер "Дынама"
Байдачны таксама гаворыць, што асноўная праблема нашага футбола цяпер — адсутнасць таленавітай моладзі. На думку эксперта, у "Крумкачах" гуляюць футбалісты, якія з нейкіх прычынаў не падышлі сваім клубам, кар'ера якіх доўга не складвалася. Адпаведна, разлічваць, што яны будуць моцна прагрэсаваць, не атрымаецца. І гэта праблема не толькі "Крумкачоў", але і іншых каманд Вышэйшай лігі:
"Футбол у краіне дэградуе. Моладзі няма. А гэта значыць, што будучыні няма. Бо моладзь — гэта будучыня. Вось у чым бяда. Гэта ж не толькі "Крумкачы" такія. Паглядзіце на "Іслач" — там палова ветэранаў гуляе. Паглядзіце на іншыя каманды. Яны выйграюць, але моладзі няма. Тое, што ў Мінску чэмпіянат праходзіць на адным стадыёне, былым дзіцячым, — гэта ж таксама бяда", — гаворыць Байдачны.
З іншага боку, назіраць сёлета за Вышэйшай лігай Беларусі па футболе — адно задавальненне. Хапае і сенсацый, і галоў, і нават каляфутбольных скандалаў і інтрыг. У былыя стабільныя гады гэтага ў нашым футболе часам не было зусім.