"Янушкевіч" амаль дамовіўся аб выданні другой кнігі пра Гары Потэра па-беларуску
Перамовы пра выданне беларускага перакладу кнігі "Гары Потэр і таемны пакой" блізкія да завяршэння. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў выдавец Андрэй Янушкевіч:
"У нядзелю [9 лютага] на стэндзе выдавецтва "Янушкевіч" на Мінскім кніжным кірмашы адбудзецца сустрэча з перакладчыцай Аленай Пятровіч [у 2019 годзе яна пераклала на беларускую мову кнігу "Гары Потэр і філасовскі камень". — Еўрарадыё]. Калі ўсё будзе добра, на гэтай сустрэчы мы абвесцім дату рэліза другой кнігі".
Перамовы з уладальнікамі правоў на кнігі пра прыгоды Гары Потэра ідуць па кожнай кніжцы асобна. Як распавёў спадар Янушкевіч, першапачаткова ў іх увогуле былі сумневы ў мэтазгоднасці выдання серыі пра Гары Потэра па-беларуску — маўляў, у нашым рэгіёне ўсе, хто хацеў, ужо прачыталі яе па-руску. Але выдавец здолеў упэўніць іх — і не памыліўся.
"Большасць з тых, хто прыходзіў па гэтую кнігу да нас у выдавецтва, рускамоўныя, — працягвае Андрэй Янушкевіч. — Яны ўжо чыталі кнігі пра Гары Потэра па-руску, але цяпер захацелі і па-беларуску прачытаць. А былі і такія, хто казаў мне, што дэякуючы гэтай кнізе ўпершыню са школьных часоў прачыталі нешта па-беларуску, акрамя дарожных знакаў".
Цікавасць да першай жа кнігі — вельмі вялікая: наклад з двух тысяч асобнікаў ужо амаль разыйшоўся. "Гары Потэр і філасофскі камень" стаў адной з самых паспяховых кніг па-беларуску ў 2019 годзе — нават нягледзячы на тое, што выйшаў толькі ў сярэдзіне снежня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.