Перамовы чыноўнікаў і іпэшнікаў: закуліссе і дамовы
“Індывідуальны прадпрымальнік закупляе тавар умоўна кажучы на Лужках у Маскве. Прывозіць накладную ў падатковую інспекцыю і кажа: “Вось мой рахунак на пакупку, вось мая накладная. Падатковая правярае і кажа: “Добра, плаціце НДС”. Ён плаціць НДС і ідзе працаваць, — тлумачыць ключавы момант непаразумення прадпрымальнікаў з уладамі старшыня Канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. — Гаворка ідзе пра тое, што калі вы ўжо зрабілі праверку маёй накладной, то, калі ласка, гарантуйце, што я перад дзяржавай абавязальніцтвы выканаў і з’яўляюся добрасумленным набывацелем. А дзяржава кажа: “Не. Гарантыі не дадзім. А раптам высветліцца, што ты ліпавую накладную нам прынёс? Мы тады канфіскуем тавар, а твой аплочаны НДС не вернем”.
На думку прадпрымальнікаў, указ №222 патрабуе тлумачэнняў на ўзроўні Савета міністраў. На сёння адпаведнага дакумента Саўміна не існуе, але ёсць лісты міністэрства па падатках і зборах, на якія нібыта трэба арыентавацца пры выкананні рэзананснага ўказу. Аднак за час існавання ўказа №222 падаткавікі змянілі сваё меркаванне ў бок жорсткага.
Перамяшчэнне мікрапартый тавару адным чалавекам павінна мець спрошчаны дакументазварот, — прапануе старшыня “Беларускага саюза прадпрымальнікаў” Аляксандр Калінін. — Умоўна мы гэта называем адміністратыўнай амністыяй па дакументах”.
Прадстаўнікі ад улады — намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч, намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, засцерагаюцца: "Можа здарыцца сітуацыя, калі пад выглядам "амніставанага" тавару асобнымі недобрасумленнымі прадпрымальнікамі будзе рэалізоўвацца прадукцыя легпрама без суправаджальных дакументаў".
Аляксандр Калінін лічыць, што працоўная група прасунулася па некалькіх пытаннях. 26 лютага Дзяржстандарт апублікаваў тлумачэнне ўказа №48, у якім ідзе гаворка пра спрашчэнне парадаку пацвярджэння якасці тавара. Цяпер прадпрымальнік можа мець любую копію сертыфіката, не абавязкова з сіняй пячаткай, але з указаннем у дакументах даты, нумара і тэрміна дзеяння сертыфіката.
Як даведалася Еўрарадыё, працоўная група таксама дамовілася пра змякчэнне санкцый. Праўда, згодна з Дырэктывай №4 санкцыі мусяць пачынацца з папярэджання. Але Дзяржстандарт не згодны, таму сышліся на штрафе, але штраф будзе невялікі. Каб даць магчымасць іпэшнікам, якія гандлююць на рынках таварамі легпрому, прывыкнуць да працы з сертыфікатамі, Дзяржстандарт да 1 ліпеня не будзе праводзіць масавых праверак.
“Але застануцца маніторынгі, і па іх выніках у вельмі абуральных выпадках будуць праходзіць праверкі”, — удакладняюць Еўрарадыё ў прэс-службе Дзяржстандарта.
Больш таго, падатковая прызнае, што адмова расійскага пастаўшчыка ад пацвярджэння факта здзелкі не з’яўляецца адзінай прычынай прымянення санкцый да беларускага прадпрымальніка. Гэта дакладна перамога!
Таксама вырашана пытанне перасоўвання тавараў унутры аднаго гандлевага аб’екта (прадпрымальнік мае права мець да 4 гандлёвых кропак): для гэтага іпэшніку не трэба мець абавязковай выпіскі на тавары.
Але старшыня грамадскага аб’яднаня "Перспектыва" Анатоль Шумчанка называе сустрэчы з чыноўнікамі безвыніковымі:
"Нашыя сустрэчы падобныя больш на семінар, дзе ўлады гавораць, як нам працаваць, што трэба рабіць, каб правільна выканаць тыя ці іншыя нормы ўказаў. Прабачце, мы прапануем гэта, а тут, прабачце, закон не дазваляе".
24 лютага на перамовы Шумчанка прыйшоў з заклікам да ўлады адмяніць указы №222 і 48.
“Ва ўказе №222 напісана, што ІП могуць наняць тры наёмныя работнікі. Калі мы патрабуем адмены ўказу, мы патрабуем, каб адмянілі наёмных работнікаў, магчымасці наняць якіх іпэшнікі дабіваліся 10 гадоў. Да таго ж людзі апынуцца без працоўных месцаў. Трэба разумець, чаго ты патрабуеш. Бо той жа 48 указ тычыцца не толькі ІП, але і ўсіх відаў бізнэсу”, — тлумачыць сваю адмову падпісацца пад заявай Шумчанкі Віктар Маргелаў.
1 сакавіка працоўная група разгледзіць пытанні мікрапартый тавараў. У самым добрым варыянце, ІП зможа ўвезці на тэрыторыю Беларусі тавар коштам да 1500 еўра, вагой да 50 кілаграмаў бяспошлінна. Пабачым.
Фота: ced.by, www.sb.by, Еўрарадыё