Пераможца Еўрабачання адкажа на пытанні слухачоў Еўрарадыё

Марыя Шарыфавіч хоча праспяваць дуэтам з Калдуном!
Адразу пасля перамогі на самым вядомым еўрапейскім конкурсе сербская спявачка Марыя Шарыфавіч адправілася ў кантынентальнае турнэ. За адзін дзень яна паспела пабываць у Нарвегіі, Даніі, затым пералёт у Галандыю… Еўрапейскаму радыё ўдалося “злавіць” спявачку позна ўначы ў мадрыдскім гатэлі.
— Вы чакалі такога поспеху?

— Так! Адназначна, так. Таму што я шчыра верыла ў песню, у сябе, у кампазітара. Для мяне гэта не было неспадзяванкай.

— Ваша маці, паставіўшы на вас, выйграла 45 тысяч еўра. А вы б паставілі на сябе?


— Не, не, не. Я не была ўжо настолькі ўпэўненая ў сваёй перамозе.

— Распавядзіце пра сябе, пра тое як пачалі спяваць і пра ваш шлях на Еўрабачанне.

— Я заўсёды жадала займацца толькі музыкай. Я паходжу з музычнай сям’і. Мая маці — вядомая ў Сербіі выканаўца народных песень, а дзядуля з бабуляй спявалі рамансы. Верагодна, таму я ніколі не хацела займацца нічым іншым апроч музыкі. Мая музычная кар’ера пачалася ў Сербіі. Я ўжо маю два альбомы. За плячыма безліч канцэртаў і розных конкурсаў. І вось цяпер перамога на Еўрабачанні… Я заўсёды хацела быць музыкам, і вось цяпер ганаруся ўсім гэтым.

— А ці спрабавалі вы раней патрапіць на Еўрабачанне?

— Так, я спрабавала раней.

— Ужо мінула некалькі дзён, як вы сталі найлепшай еўрапейскай спявачкай. Ці можаце сказаць, у чым ключ да такога поспеху?

— Ды не ведаю. У кожнага ён свой, гэты ключ ад поспеху. Ты павінен найперш верыць у сябе, а я ў сябе веру… Акрамя таго, залежыць і ад музыкі, якую выконваеш. Можа быць, я была непадобная да ўсіх іншых. Верагодна, гэта і было тым вызначальным фактарам, з-за якога людзі прагаласавалі за мяне.

— На Еўрабачанні нехта спявае на роднай мове, нехта па-англійску або па-французску. Вы спявалі па-сербску. Па-першае, чаму? А па-другое, ці паспрыяла гэта вашай перамозе?

— Не магу сказаць, ці паўплывала гэта на маю перамогу, але ва ўсялякім выпадку мяркую, што вельмі важна, каб кожная краіна спявала на сваёй роднай мове.

— Пра што ваша песня?

— Песня пра каханне, але без хэпі-энду. Гэта не маё перажыванне і не мая гісторыя кахання. Гэта звычайная песня пра каханне… Вось і ўсё.

— У прадстаўніка Беларусі прадзюсерам была расійская поп-зорка, а хто быў вашым прадзюсерам?

— Я сама была сваім прадзюсерам.

— Калі не сакрэт, колькі грошай вы патрацілі на гэта Еўрабачанне?

— Вельмі шмат грошай. Некалькі дзесяткаў тысяч еўра, але ўсё гэта пайшло на карысць.

— У прэсе пісалі, што ў вас былі праблемы з фінскай візай, якая заканчвалася літаральна на наступны дзень пасля фіналу конкурсу. Таму пасля перамогі вам давялося хуценька з’язджаць з Фінляндыі. Гэта праўда?

— Гэта дэзінфармацыя. У мяне сапраўды няма менавіта фінскай візы, але я маю гадавую шэнгенскую. Таму ніякіх такіх праблем не было.

— А хто вам найбольш спадабаўся на Еўрабачанні?

— Гэта…ммм… Беларусь, Швецарыя. Яны мне найбольш спадабаліся.

— А ці была ў вашых канкурэнтаў такая песня, якую б вам хацелася праспяваць?


— Не. Ніводная не спадабалася настолькі, каб я захацела яе праспяваць.

— А ці запомнілі вы беларуса Дзмітрыя Калдуна?

— Безумоўна. На мой погляд, ён быў адзін з фаварытаў конкурсу.

— А вы праспявалі б з ім дуэтам?

— Чаму б не?! Чаму б не?!


— Што б вы пажадалі беларусам, каб у наступным годзе ў Бялградзе мы перамаглі?

— Займайцеся добрай музыкай, стварайце добрую музыку і не зважайце на пастаноўку нумара. Гэта не галоўнае.

— А як вы пракаментуеце скандал вакол вашай песні, нібыта вы яе скралі ў албанскай спявачкі Соні Малай?

— Без каментару.




АНКЕТА ЕЎРАРАДЫЁ:

Імя і прозвішча: Марыя Шарыфавіч
Дзень нараджэння: 14 лістапада 1984 года
Месца нараджэння: Крагуевац, Сербія
Знак задыяка: Скарпіён
Любімы акцёр: Billy Zane
Любімая актрыса: Daryl Hannah
Любімы колер: чырвоны, белы, цёмна-сіні
Любімы лік: Я не веру ў лічбы

P.S. Не забудзь даслаць сваё пытанне Марыі Шарыфавіч! Для гэтага дастаткова пакінуць камэнтар с пытаннем да гэтага артыкула, і мы абавязкова дашлем яго да спявачкі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі