Персаналу крамы налічылі 10 тысяч рублёў доўгу і не звальняюць. Ці законна гэта?
Кіраўніцтва сталічнай крамы брэнда Terranova падчас інвентарызацыі выявіла буйную недастачу за паўгода — больш за 10 тысяч рублёў. Гэтую суму наймальнік падзяліў паміж 12 супрацоўнікамі крамы: адміністратарамі, мерчэндайзерамі, прадаўцамі. Цяпер з заробку супрацоўнікаў крамы вылічваюць па 200-250 рублёў у месяц і адмаўляюцца іх звальняць “па дамоўленасці бакоў”, пакуль яны не вернуць доўг.
Па словах прадаўца Аляксея, недастачу выявілі яшчэ ў дзвюх крамах гэтай фірмы. Гаворка ідзе пра сумы, аналагічныя па памерах — больш за 10 тысяч рублёў.
Еўрарадыё разбіраецца разам з прафсаюзамі, як так здарылася, ці законнае патрабаванне наймальніка і што рабіць супрацоўнікам крамы.
“Мы гэтую суму павінны выплаціць, бо з намі падпісаная дамова пра матэрыяльную адказнасць падчас прыёму на працу і дакументы аб інвентарызацыі (нас знаёмілі са спісам тавараў). Суму павінны выплаціць часткамі — мы падпісалі адпаведную заяву. Я, да прыкладу, мушу выплаціць за паўгода”, — распавядае Еўрарадыё прадавец Аляксей.
“Мяне папросту не адпускаюць, пакуль я доўг не выплачу”
З супрацоўнікаў вылічваюць па 200-250 рублёў у месяц. Аляксей “павінен” 1200 рублёў. Сітуацыю ускладняе тое, што ў крамах і так заробкі невялікія. Пасля ўсіх вылічэнняў за мінулы месяц хлопец атрымаў на рукі 150 рублёў. Кантракт у Аляксея да ліпеня гэтага года.
“Я знайшоў новую працу, цяпер праходжу стажыроўку. Мне хочацца нармальна працаваць з нармальны заробкам. Каб былі грошы выплаціць гэты доўг. Але мяне папросту не адпускаюць, пакуль я не выплачу. Відаць, адзіны варыянт — гэта звольніцца па артыкуле, напрыклад, за прагул. Гэта пагражае запісам ў працоўную кніжку. Але ўсё роўна, нават калі мяне так звольняць, то яны (фірма-наймальнік. — Еўрарадыё) пададуць на мяне ў суд і такім спосабам будуць вылічваць гэтую суму”.
Прафсаюзны актывіст Андрэй Стрыжак кажа, што сітуацыя з крамай Terranova далёка не ўнікальная. Аднак для супрацоўнікаў, якія ўжо падпісалі заяву аб выплаце недастачы, сітуацыю можа выправіць толькі суд: ёсць вялікія перспектывы, каб зменшыць суму, якую ад іх патрабуюць сплаціць.
Стрыжак: “У нашай практыцы максімальнае змяншэнне сумы — да 60 адсоткаў, але звычайна 20, 30 ці 40. Гэта залежыць ад шмат якіх нюансаў. Напрыклад, наймальнік вылічвае суму недастачы не па аптовым разліку кошту тавару, а па рознічным, куды дадае сваю гандлёвую нацэнку. Вось гэтую нацэнку можна як мінімум зняць у судзе”.
“На складзе ёсць тавар, які існуе фізічна, але на паперах яго няма”
Аляксей “у продажы” больш за пяць гадоў, у тым ліку працаваў і адміністратарам. Не аднойчы інвентарызацыю рабіў і сам. Тое, як яна праходзіла на яго цяперашняй працы, у яго выклікала шмат пытанняў.
“Інвентарызацыя праходзіць так: краму дзеляць на зоны і тавар з іх лічаць спецыяльнымі сканерамі. У мяне склалася такое адчуванне, што нейкія зоны прапусцілі, а нейкія зоны палічылі два разы. То бок на складзе ёсць тавар, які існуе фізічна, але на паперах яго няма. Гэта, безумоўна, парушэнне, але цяжка сказаць, зроблена гэта адмыслова ці проста гэта памылка”.
Такім чынам фірма са сваіх супрацоўнікаў збірае грошы на новыя крамы?
Аляксей кажа, што масла ў агонь падлівае хуткае пашырэнне сеткі крамаў. Супрацоўнікі ўсё больш схіляюцца да версіі, што іх папросту захацелі "развесці" на грошы.
“Тут яшчэ такая сітуацыя, што ў фірмы хутка адчыняюцца яшчэ некалькі крамаў. На іх адкрыццё, адпаведна, патрэбны грошы: і на закупку тавару, і на ўсё астатняе. Ходзіць такая чутка, што вось такім чынам фірма са сваіх супрацоўнікаў збірае грошы на новыя крамы”.
Правы на франшызу італьянскага брэнда Terranova ў Беларусі належыць кампаніі “Плэй Мода”. Фірма сапраўды пашырае сетку сваіх крамаў. Пра гэта гаворыцца на сайтах па пошуку працы, дзе “Плэй мода” днямі размясціла некалькі вакансій.
Неяк каментаваць сітуацыю ў кіраўніцтве кампаніі адмовіліся:
“Гэта канфедэнцыйная інфармацыя, і я не маю права яе выказваць”.