Першы трэнер Цупер і Кушніра: Трэніровак Антон не прагульваў. А школу мог

Імя першага трэнера фрыстайліста Антона Кушніра знаходжу на рэгіянальным украінскім сайце. Калі званю ў яго рэдакцыю — там чую радасць, мяне віншуюць, а ўсе неабходныя кантакты дасылаюць праз лічаныя хвіліны.

Заслужаны трэнер Украіны Галіна Досава расказвае, што сачыла за выступленнем Антона Кушніра па тэлебачанні. Праз дзесяць хвілін размовы амаль выпадкова высвятляю, што Досава была першым трэнерам яшчэ адной беларускай залатой медалісткі — Алы Цупер. Адно што не ў фрыстайле, а ў гімнастыцы, з якой Цупер пачынала. А ў дадатак даведваюся, што сама Досава лічыць сябе… беларускай: нарадзілася ў Магілёве і ва Украіну пераехала вучыцца ва ўніверсітэце.

З Досавай размаўляем пра першыя крокі чэмпіёнаў у спорце, а таксама пра прычыны іх пераезду ў Беларусь. Галіна Пятроўна расказвае, што Антон Кушнір першы раз прыйшоў да яе на трэніроўку, калі яму было 9 гадоў.

“Доўга і ўпарта мы з ім працавалі. Як толькі ён увайшоў у спартовую залу, я адразу зразумела, што гэта адораны хлопец. Таму максімум намаганняў прыклала, каб яго вывесці на максімальны ўзровень у фрыстайле”.

Прапрацавала Галіна Досава з Антонам ажно да яго паўнагоддзя — калі фрыстайліст скончыў першы курс мясцовага інстытута, Досавай прапанавалі пераехаць на працу ў Беларусь. Кушнір паехаў у невядомы Мінск за сваім трэнерам. Яна гаворыць, што ва Украіне тады ніхто маладога фрыстайліста падтрымаць не захацеў — ні грашамі, ні чым іншым.

“На трэніроўках з Антонам не было ніякіх праблем. У зале ён рабіў усё, што яму гаварылі, і нават больш, чым яму гаварылі… Але ва Украіне не склалася сітуацыя з трэніровачным працэсам. Мяне не падтрымалі, Антона — вядома, таксама ніхто ні фінансава, ні ў трэніровачным працэсе не падтрымаў”.

У Мінску ўкраінца адразу заўважыў і забраў да сябе трэнер Мікалай Казека, а вось Галіна Досава праз некалькі гадоў вярнулася працаваць ва Украіну. Яна гаворыць, што для Антона Кушніра застацца ў Мінску і атрымаць беларускае грамадзянства было найлепшым выйсцем. На Радзіме  мала што свяціла.

Антон Кушнір

 

Пра дзяцінства беларускага чэмпіёна Галіна Пятроўна расказвае толькі добрае. Пра цікавыя журналістам скандальныя гісторыі гаварыць адмаўляецца. Маўляў, навошта старое варушыць, ён жа быў дзіцём. Хоць і прызнаецца, што Антон не вельмі любіў хадзіць у школу — прагульваў!

“Трэніровак Антон амаль ніколі не прагульваў. А вось школу — мог. Я за гэтым сачыла і мы неяк дамаўляліся з ім. Неяк мы з гэтай сітуацыі выходзілі. Школу ён часта прапускаў”.

А вось Ала Цупер была дысцыплінаванай на трэніроўках і ў школе. “Вучылася яна добра”, — расказвае Галіна Досава. Пачынала Цупер з гімнастыкі, якой займалася ажно дзевяць гадоў.

“Ала ў мяне займалася спартыўнай гімнастыкай з сямі гадоў. А ў 9-м класе я яе перадала трэнеру па фрыстайле Віталю Шведаву. Тады я працавала ў гімнастыцы, а ён у фрыстайле. У мяне засталася трэніравацца будучая ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Таццяна Казачэнка”.

Трэнер гаворыць, што ў гімнастыцы Цупер наўрад ці змагла б дасягнуць вялікіх поспехаў. У яе было добра з акрабатыкай і горш — з іншым.

“Я бачыла, што яна не зможа дасягнуць у гімнастыцы таго выніку, якога можа дасягнуць у акрабатыцы. І калі да мяне звярнуліся трэнеры зборнай Украіны па фрыстайле, то я падумала аб будучыні Алы”.

Цікава, што на ад’езд Цупер з Украіны ўскосна паўплывала ўжо згаданая вышэй іншая гадаванка трэнера ДосавайТаццяна Казачэнка. На Алімпіядзе ў японскім Нагана ўкраінскія фрыстайлісткі размясціліся побач — на 4-й і 5-й пазіцыях. У выніку Федэрацыя фрыстайла палічыла, што гэта дасягненне не заслугоўвае далейшай падтрымкі яе і трэнера Віталя Шведава. І пасля Гульняў яны з’язджаюць разам з Цупер у Мінск.

“Пасля таго, як Ала на Алімпійскіх гульнях у Нагана заняла 5-е месца, а Таня Казачэнка яе на адну пазіцыю апярэдзіла, узнікла нейкае непаразуменне ў Федэрацыі. І яны з’ехалі да вас у Беларусь. У вас, у кожным разе, былі лепшыя ўмовы для трэніровак”.

Галіна Досава гаворыць, што Беларусь украінцаў на той час прываблівала не столькі лепшымі заробкамі, колькі лепшымі ўмовамі для трэніровак і стаўленнем да спартоўцаў з боку ўладаў. Ва Украіне, гаворыць трэнер, фрыстайлістам часта проста не было дзе трэніравацца.

Ала Цупер

 

Ала Цупер, як і Антон Кушнір, не забываюць свайго першага трэнера. Галіна Пятроўна кантактуе з былой выхаванкай, а тая добра памятае, хто яе прывёў у фрыстайл.

“Мы падтрымліваем адносіны, вядома. І Ала мне ўдзячная — што своечасова падштурхнула яе на гэты шлях. Мне, прынамсі, яна гаварыла: не было б Галіны Пятроўны, не атрымалася б з яе спартоўкі”.

Кушнір жа заглядвае да трэнера, калі прыязджае ў родны горад. Тым часам украінскі Роўна гудзіць — у горадзе святкуюць перамогі беларускіх фрыстайлістаў.

“Пра Алу Цупер і пра Антона па Ровенскім тэлебачанні ўжо такія дыфірамбы спяваюць! Мне нават з інстытута, дзе Антон вучыўся, пазванілі і папрасілі перадаць, што ўвесь інстытут заўзеў за Антона Кушніра”.

Іншых алімпійскіх чэмпіёнаў сярод выхаванцаў Галіны Досавай пакуль няма. “Ёсць добрыя дзеці, вельмі перспектыўныя. Але невядома, што з Украінай будзе далей”, — гаворыць яна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі