"Петля Пристрастия" выдала даступны альбом з мажорных песень
Гурт "Петля Пристрастия" прадставіў свой чацвёрты паўнафарматнік "Мода и облака". Яго склалі 10 трэкаў, над якімі каманда працавала цягам апошніх трох гадоў. Музыкі кажуць, што кружэлка атрымалася больш даступнай і менш істэрычнай у параўнанні з папярэднімі дыскамі, а яе песні — разнастайныя па характары:
"На дзіва, атрымалася так, што ў гэтым альбоме ёсць нават мажорныя песні са святлом у канцы тунеля, як кажуць. То бок, безвыходнасць, змрок і тлен ёсць, але ў значна меншых прапорцыях, чым гэта было раней", — распавядае гітарыст гурта Іван Селішчаў. А фронтмэн каманды, Ілля Чарапко-Самахвалаў дадае, што дыск атрымаўся "месцамі нават радасным і прыгожым".
Мінская прэзентацыя альбома адбудзецца 16 красавіка ў клубе RePublic.