Петрыкаўскі суд прызначыў журналістам-фрылансерам вялікія штрафы
У Петрыкаўскім раённым судзе 27 верасня разглядалі справу журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына. Нагодай стаў іх тэлесюжэт пра занядбаны жыллёвы фонд у былым вайсковым гарадку Мышанка, які выйшаў на тэлеканале "Белсат".
Як паведамляе прэс-служба БАЖ, суддзя Андрэй Багданік прызнаў журналістаў вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканала “Белсат” без акрэдытацыі ў МЗС. І Жукоўскі, і Толчын мусяць заплаціць па 920 рублёў штрафу (20 базавых).
Дарэчы, Жукоўскага сёлета штрафуюць за журналісцкую працу ўжо восьмы раз. Агульная сума яго штрафаў склала 7130 рублёў.