Peugeot Citroën аб зборцы ў Беларусі: мы выйграем ад падатковых прэферэнцый

Як будзе выглядаць зборка і чаму аўтамабілі вырашылі збіраць у Беларусі. На пытанні Еўрарадыё адказвае прадстаўніца дэпартамента па сувязях з прэсай PSA Peugeot Citroën Каралін Бруж'е-Карб'ер.

Еўрарадыё: Чаму гэтая вытворчасць разлічаная толькі на беларускі рынак?

Офіс Peugeot Citroën: PSA падпісала ліцэнзійнае пагадненне з Unison і PC Auto Group па зборцы аўтамабіляў брэндаў Peugeot і Citroen у Беларусі і для продажу аўтамабіляў мясцовай вытворчасці на беларускім рынку. Прадукцыя прызначаная для беларускага рынка.

Урад Беларусі праводзіць палітыку на карысць развіцця мясцовай аўтамабільнай прамысловасці і падтрымлівае лакальную зборку і інтэграцыю мясцовай вытворчасці ў заканадаўчым полі Мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам.

Мясцовая зборка часткі мадэльнага шэрагу групы дазволіць нам умацаваць канкурэнтаздольнасць аўтамабіляў PSA і павялічыць долю брэндаў PSA на рынку краіны. Група павінна таксама атрымаць доступ да дзяржаўных закупак і аўтапарка кампаній.

Еўрарадыё: Ці будуць аўтамабілі, сабраныя ў Беларусі, прадавацца ў Расіі?

Офіс Peugeot Citroën: На дадзеным этапе існуе дастатковы попыт на мясцовым рынку, каб задаволіць першапачатковы вытворчыя магутнасці. Так што на дадзены момант няма ніякага плана экспартаваць.

Еўрарадыё: Наколькі таннейшымі будуць аўтамабілі, зробленыя ў Беларусі, за тыя, што прадаюцца цяпер?

Офіс Peugeot Citroën: Рознічныя цэны ў Беларусі могуць адрознівацца ў параўнанні з Расіяй ці Францыяй, бо яны вызначаюцца ўмовамі мясцовага рынку і маркетынгавай палітыкі.

Peugeot і Citroen беларускай зборкі будуць таннейшыя на пару тысяч

Еўрарадыё: Ці будуць спаганяцца пошліны за запчасткі, з якіх будуць збіраць аўтамабілі ў Беларусі?

Офіс Peugeot Citroën: Пры імпарце дэталяў для мясцовай зборкі ў Беларусі мы выйграем ад падатковых прэферэнцый, якія прапаноўваюцца рэжымам прамысловай зборкі Беларусі.

Еўрарадыё: Якія мадэлі будуць збірацца ў Беларусі?

Офіс Peugeot Citroën: Выбар аўтамабіляў, сабраных ў Беларусі, будзе ўключаць у сябе Peugeot: 301, 508, 3008 і Partner, Citroen C-Elysée і Berlingo.

Паралельна з мясцовай зборкай мы прапануем аўтамабілі, зробленыя на расійскім заводзе ў Калузе: Peugeot 408, Citroen C4 Sedan

Таксама аўтамабілі імпартаваныя з Еўропы.

Еўрарадыё: Чаму гэтыя мадэлі?

Офіс Peugeot Citroën: Мы старанна вывучылі вытворчы асартымент брэнда, прааналізавалі яго патэнцыял на беларускім рынку, і прапаноўваем гэтую лінейку тавараў.

Еўрарадыё: Як будзе выглядаць вытворчасць?

Офіс Peugeot Citroën: Вытворчая магутнасць дасягне 2500 адзінак за год.

Еўрарадыё: Гэта будзе вытворчасць з нуля ці зборка ўжо з гатовых частак?

Офіс Peugeot Citroën: Гэта будзе SKD (буйнавузлавая (адвёрткавая) зборка напаўразабранага машынакамплекта)

Еўрарадыё: Вы задаволеныя цяперашнім аб'ёмам продажаў у Беларусі?

Офіс Peugeot Citroën: У супрацоўніцтве з мясцовым партнёрам (PC Auto Group), група ўжо паспяхова прысутнічае на рынку Беларусі, мае 5,3% долі рынку, прадстаўленага брэндамі Peugeot і Citroen за 6 месяцаў 2014 года. Доля рынку продажу лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў (LCV) — 14%. Peugeot афіцыйна імпартуецца і прадаецца ў Беларусі PC Auto Group на працягу 20 гадоў. Продажы Citroen былі адноўленыя з тым жа партнёрам у красавіку 2013 года.

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі запусціць дадатковую лінію вытворчасці ў Беларусі?

Офіс Peugeot Citroën: Мы ўважліва сачылі за развіццём рынку і назіралі значны прагрэс, дасягнуты ў апошнія гады, пры падтрымцы намаганняў, якія прымаюцца ўрадам краіны. Запуск прамысловага праекта ў краіне будзе садзейнічаць умацаванню пазіцый і росту долі нашых брэндаў на рынку Беларусі.

Фота: Peugeot

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі