Піневіч пра гібель пацыентаў у БХМД Віцебска: гэта не з-за праблем з кіслародам
Дзмітрый Піневіч / з архіва БЕЛТА
Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў, што гібель пацыентаў у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Віцебска ў студзені не звязаная з перабоямі ў падачы кіслароду.
Раней аб гэтай сітуацыі распавядаў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Уладзімір Мартаў. З ім цяпер не працягваюць кантракт, з 3 красавіка Мартаў застаецца без працы. Па словах лекара, 7-8 студзеня ў бальніцы некалькі разоў адключаўся кісларод і здарылася катастрофа — сталі паміраць людзі: "Хтосьці памёр у тыя ж дні, хтосьці — на наступны дзень, хтосьці — праз 3-5 дзён". Мартаў напісаў пра гэта міністру Піневічу.
"Сапраўды ён паведамляў, у тым ліку, мне пра інцыдэнты, якія маюць месца. Скажу так, пытанне з кіслародам было адным з элементаў, якія гучалі", пацвердзіў Піневіч ў эфіры СТБ.
Па словах міністра, інцыдэнт сапраўды быў. Пры гэтым, "па сцвярджэнні іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў наш шаноўны Уладзімір Юр'евіч. Расследаванне адбываецца ў цяперашні час".
На ўдакладняючае пытанне журналіста аб тым, ці звязана гібель пацыентаў, пра якую казаў Мартаў, "з гэтым кіслародам", Піневіч адказаў: "Па прадстаўленых у наш адрас дадзеных — не". Але пры гэтым ён адзначыў, што сітуацыю вырашылі яшчэ раз разгледзець на лячэбна-кантрольным савеце міністэрства аховы здароўя.
Міністр таксама заявіў аб выяўленых парушэннях па вядзенні пацыентаў у аддзяленні Мартава. Паводле ягоных слоў, былі выяўленыя "не вельмі добрыя факты парушэння санэпідрэжыму, якія маглі і хутчэй за ўсё прыводзілі да ўнутрыбальнічнага заражэння персаналу, у тым ліку ў чырвонай зоне".
Аб сітуацыі з Мартовым і з кіслародам у віцебскай БХМД раней казаў і Аляксандар Лукашэнка падчас візіту ў ЦРБ Маладзечна. Ён даручыў Піневічу разабрацца. "Калі гэта чарговая палітыка, так трэба на месца ставіць", — сказаў Лукашэнка. "Паставім", — адказаў кіраўнік міністэрства аховы здароўя. Мартаў на гэта заўважыў, што палітыка тут не пры чым, справа ў непрафесійных мэнэджарах ад медыцыны, і што "чарговы збой можа здарыцца ў любы дзень".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.