“Піраты” — залатая сярэдзіна паміж андэграўндам і гламурам
Папрацаваўшы некалькі тыдняў у тэставым рэжыме, уладальнікі клуба крыху падкарэктавалі фармат ды ўсё ж пусцілі на сваю сцэну кавер-бэнды.
5 снежня “Еўрарадыё” тусіць на афіцыйным адкрыцці клуба “Піраты”. Яго арт-дырэктар Зміцер Шапялевіч нарэшце дазваляе разгледзець усе фішкі новай музычнай пляцоўкі горада ўсім жадаючым. Еўрарадыё з імі пазнаёмілася яшчэ падчас “тэста” клуба. Вялікі хол памяшкання цяпер сустракае чарапамі ды косткамі, чорнымі меткамі ды іншымі атрыбутамі сапраўдных піратаў — напрыклад, моцным алкаголем.
Але нейкіх прывязак назвы клуба да яго памяшкання шукаць не варта. Галоўны крытэр, якім карысталіся ўладальнікі клуба падчас пошуку адметнай назвы — ніякіх незразумелых словаў на замежных мовах.
“Калі абмяркоўвалі варыянты назвы, нехта сказаў: “Мы нібыта піраты!” А дзякуючы сучаснаму кіно, само слова “Піраты” стала насіць рамантычны характар і настрой прыгодаў, а не негатыўную афарбоўку. Таму “Піраты” — гэта якраз бесшабашны і разгульны лад жыцця, уласцівы многім клубам. “Піраты” — гэта не памяшканне, а людзі, якія любяць добра адпачываць”.
У прынцыпе, падобныя словы мы чуем амаль ад кожнага адказнага за з’яўленне новага клуба ў Мінску. Як і першапачатковая адмова кавер-бэндаў. Пакуль арганізатары ніводнага дня не аддалі кавершчыкам, але не выключаюць іх з’яўлення... усё залежыць ад раскладу жывых канцэртаў!
“Я нічога не маю супраць кавер-бэндаў, але ў нас не будзе нейкіх рэзідэнтаў, — нібыта выбачаецца Зміцер Шапялевіч. — Калі гэта будзе канцэрт нейкага гурта, які грае толькі каверы, але грае іх добра, то, натуральна, – сардэчна запрашаем!”
Галоўны крытэр – ніякіх песень у стылі “О, боже какой мужчіна”, толькі рок і джаз. Што датычыцца аўтарскага матэрыялу, то пажадана, каб гэта была “залатая сярэдзіна”, у якую ўпісваюцца наведвальнікі і стваральнікі клуба.
“Я не вельмі імкнуся да цяжкай ці панк-музыкі, але разумею, што такія канцэрты таксама трэба праводзіць на пэўных пляцоўках, — працягвае Зміцер. — Мы адкрытыя рэальна для ўсіх: ад якаснай поп-музыкі да метал і панк-канцэртаў. Галоўны крытэр — мерапрыемства мусіць быць цікавае вялікай колькасці людзей”.
Апроч звычайных канцэртаў наведвальнікаў чакаюць сямейныя святы, дыскатэкі і нават катанне на роліках! Але вялікую частку афішы клуба адвядуць пад тэатральныя дні.
“Гэта насамрэч вельмі цікавы фармат, калі людзі ў нефармальнай абстаноўцы без цягасці камернай залы могуць паглядзець выдатную пастаноўку з добрымі акцёрамі. Гэта ж не самадзейнасць! — Тлумачыць ідэю Зміцер Шапялевіч. — Удзел у пастаноўках прымаюць акторы вядучых тэатраў. Яны проста аб’ядналіся разам, каб ставіць тыя п’есы, якія ў нашых тэатрах, верагодна, будуць ставіцца яшчэ не хутка. Акрамя таго, клубны фармат дае тэатру інтэрактыўнасць. Дзея можа выходзіць па-за межы сцэны, а акторы – кантактаваць з людзьмі”.
Прэм’ера тэатральных дзён у “Піратах” адбудзецца 11 снежня. Пасля Новага года такі фармат стане рэгулярным — кожную нядзелю ў клубе будуць паказваць спектаклі.