Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч з жонкай з'ехаў з Беларусі
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч і яго жонка — паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева пакінулі Беларусь.
У сваім эсэ "Прызнанне", апублікаваным на сайце Радыё "Свабода", Бахарэвіч распавядае, як некалькі месяцаў хадзіў на вулічныя маршы і ганарыўся Мінскам.
"У кастрычніку мяне апанавалі жах і скептыцызм. Зрабілася ясна, што гэтае супрацьстаянне будзе доўгім і жудасным. Зрабілася ясна, што ўсе размовы пра тое, што да перамогі засталося пару тыдняў, можна спакойна прагортваць, не чытаючы. Не, сумневаў у перамозе не было — замест іх з'явіўся ўсеўладны экзістэнцыйны жах", — канстатуе пісьменнік.
Бахарэвіч з жонкай атрымалі літаратурную стыпендыю ў аўстрыйскім Грацы. Пісьменнік называе свой ад'езд не эміграцыяй, а выгнаннем. Ён падкрэслівае, што палітычнага прытулку іх сям'я не прасіла.
"Я скарыстаю ўвесь свой не надта вялікі аўтарытэт і сваю ўмоўную вядомасць, каб свет ведаў, што адбываецца ў маёй краіне, і дапамог ёй.
Уласна, галоўнае, што я хачу тут зрабіць як пісьменнік — стрымаць тое сваё жнівеньскае абяцанне. Напісаць вялікі раман пра гэты жнівень, гэтую восень і зіму", — дзеліцца ён сваімі планамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.