Полацкія прадпрымальнікі не дамовіліся з уладамі — праверкі працягнуцца
Полацкія прадпрымальнікі, якія ўчора распачалі стыхійны страйк, сёння раніцай сустрэліся з намеснікам старшыні Полацкага гарвыканкама па эканоміцы Аляксандрам Каладынскім. На сустрэчы гаворка ішла пра праблемы з накладнымі на расійскія тавары, з-за якіх на рынках адбываюцца масавыя праверкі са штрафамі і канфіскацыямі.
Падчас сустрэчы прадстаўнік раённай улады заявіў, што кантрольныя органы дзейнічаюць у рамках заканадаўства і праверкі працягнуцца. Як высветлілася, у Маскву быў накіраваны запыт наконт законнасці працы расійскіх кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пазначаныя ў якасці пастаўшчыкоў тавараў у накладных. Двое з такіх пастаўшчыкоў не маюць права займацца такой дзейнасцю і выпісаныя імі накладныя фальшывыя.
Цяпер прадпрымальнікам раяць закрывацца, калі яны не лічаць, што іх тавар легальны. У адваротным выпадку іх чакаюць праверкі. Гандляры ў сваю чаргу адзначаюць, што раней такія дакументы задавальнялі беларускія кантрольныя органы.
18 кастрычніка полацкія прадпрымальнікі маюць намер падпісаць калектыўны зварот да мясцовых уладаў, каб тыя ўзнялі гэтую праблему на ўзроўні ўраду і кіраўніка дзяржавы і каб ва ўказ № 222, што рэгулюе ўмовы гандлю беларускіх ІП, былі ўнесеныя змены, перадае БелаПАН.
Фота: ximik.info