Польшча: На вучэннях "Захад-2017" Расія адпрацуе ўжыванне ядзернай зброі
На вучэннях "Захад-2017" расійскі бок мае намер адпрацаваць ужыванне ядзернай зброі. З такой заявай выступіў на польскай тэлевізіі ўвечары 19 верасня міністр абароны Польшчы Антоній Мацярэвіч, перадае tut.by.
Польскі міністр заявіў, што афіцыйная інфармацыя наконт гэтых вучэнняў уводзіць у зман. "Гэтыя манеўры пачаліся месяц таму і не скончацца заўтра. Яны будуць працягвацца на гэты раз з выкарыстаннем ядзернай зброі, адпрацоўкай выкарыстання ядзернай зброі, што расіяне робяць, не ўпісваючы ў праграму вучэнняў", — мяркуе ён.
Мацярэвіч нагадаў, што ваенная дактрына Расіі прадугледжвае магчымасць нанясення прэвентыўнага ўдару па меркаваным праціўніку.
Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" праходзяць з 14-га па 20 верасня. У іх удзельнічаюць каля 13 тысяч вайскоўцаў, з іх прыкладна 10 тысяч — на беларускай тэрыторыі.
Суседзі Беларусі ставяцца да гэтых вучэнняў вельмі насцярожана.