Польшча не дапусціць беларусаў і расіян на чэмпіянат Еўропы па скачках у ваду

Скачкі ў ваду

Скачкі ў ваду / pixabay.com

Польшча не дапусціць беларусаў і расіян на чэмпіянат Еўропы па скачках у ваду, які павінен прайсці ў гэтай краіне ў 2027 годзе.

Так Польская федэрацыя плавання адрэагавала на рашэнне World Aquatics (Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту) дапусціць спартоўцаў з РФ і РБ да міжнародных турніраў пад дзяржаўным сцягам і гімнам.

"Што да чэмпіянату Еўропы па скачках у ваду, які адбудзецца ў Польшчы ў 2027 годзе, я паведаміла ўладам Еўрапейскай федэрацыі, што — калі, вядома, не зменіцца ваенная сітуацыя — мы не дапусцім да спаборніцтваў спартсменаў з Расіі і Беларусі",перадае Польскае радыё словы прэзідэнткі польскай федэрацыі Атыліі Енджэйчак.

Спартоўцы Расіі і Беларусі трапілі пад міжнародныя санкцыі пасля пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Аднак гэтыя санкцыі паступова змякчаюцца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.