Польшча пагражае спыніць грузавыя чыгуначныя перавозкі з Беларусі
Чыгунка / Еўрарадыё
Пры неабходнасці Польшча можа спыніць і грузавыя чыгуначныя зносіны з Беларуссю. Пра гэта ў каментары Польскаму агенцтву прэсы (PAP) заяўляе намеснік міністра ўнутраных спраў краіны Мацей Вонсік.
На яго думку, такім чынам удасца паўплываць на Кітай, каб той націснуў на рэжым Лукашэнкі.
"Мы разумеем, што большая частка гандлю, у тым ліку польскага, ідзе праз іх. Кітайскі гандаль таксама ідзе. Думаю, што Кітай павінен паслаць Лукашэнку адпаведны сігнал, каб не рабіў дзеянняў, ад якіх яны пацерпяць", — тлумачыць Вонсік.
Ён нагадвае, што ў Беларусі, паводле звестак польскага боку, знаходзяцца да 5 тысяч вагнераўцаў. Іх могуць выкарыстоўваць для гібрыдных дзеянняў і правакацый на мяжы, а таксама для ўзмацнення міграцыйнага ціску.
Як распавядала Еўрарадыё, 9 жніўня стала вядома, што на ўзмацненне мяжы з Беларуссю Польшча адпраўляе яшчэ дзве тысячы салдатаў.
Пасажырскія чыгуначныя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай былі спыненыя ў 2020 годзе з прычыны пандэміі каранавіруса. Пасля гэтага яны не аднавіліся — ужо з палітычных прычынаў. Захоўваюцца толькі грузавыя зносіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.