Польшча забароніць уезд для кіраўніцтва афіцыйнага Саюза палякаў
Аднак сам “чорны спіс” хутчэй за ўсё застанецца таямніцай
У спіс беларускіх чыноўнікаў, якія не маюць права ўязджаць на тэрыторыю Польшчы, неўзабаве ўключаць сябраў афіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі на чале са Станіславам Сямашкам. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў віцэ-старшыня Парламенцкай групы Сейма па Беларусі Адам Ліпіньскі на канферэнцыі Радыё Рацыя ў Беластоку.
Адам Ліпіньскі: “Спадара Сямашкі яшчэ пакуль няма ў гэтым спісе. Аднак згодна з апошняй дэкларацыя міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, туды ўпішуць таксама і Сямашку, і вялікую групу сябраў рэжымнага Саюза палякаў”.
Польскае МЗС хутчэй за ўсё не будзе абнародаваць “чорны спіс”, але перадасць яго дэпутатам Сейма. Яны ў сваю чаргу будуць самастойна вырашаць, ці можна публікаваць прозвішчы неўязных асобаў.
Што ж тычыцца сустрэчы кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага з Аляксандрам Лукашэнкам у Кіеве, то ў польскіх палітычных колах пра гэта нават не было гаворкі. Таму Адам Ліпіньскі мяркуе, што сустрэча была незапланаваная.
Адам Ліпіньскі: “Мы ўвогуле не ведалі, што такая ініцыятыва была. І шчыра кажучы, не ведаю, ці яна была. Напэўна, яна паўстала непасрэдна на месцы падчас візіту палітыкаў ва Ўкраіну. Хутчэй за ўсё так і здарылася, таму што не было ніякіх сігналаў, што размовы паміж польскім МЗС і рэжымам Лукашэнкі паўтарацца”.
Па словах Адама Ліпіньскага, польскі міністр замежных спраў такім чынам хацеў выправіць памылкі, якія зрабіў падчас сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым у Варшаве. Нагадаем, на думку польскай апазіцыі, гэтая сустрэча была не толькі няўдалай, але яшчэ і крыўднай для Польшчы з-за таго, што пасля яе ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі.
Нягледзячы на тое, што структуры Еўрасаюза пакуль ўстрымліваюцца ад рашучых дзеянняў, польскі бок абяцае давесці справу да канца. Менавіта таму прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі збіраецца даслаць у Брусель некалькі лістоў. Па словах Адама Ліпіньскага, гэта будзе больш эфектыўна, чым проста тэлефонны званок.
Адам Ліпіньскі: “Ліст гэта дакумент, на яго трэба адказаць. Ліст абавязвае да чагосьці. Яго можна абнародаваць. Гэта больш эфектыўны інструмент правядзення геапалітычнай дэбатаў, чым званок і агульныя дэкларацыі, якія да нічога не абавязваюць.”
Між тым у кулуарах органаў ЕС з’яўляецца ўсё больш галасоў, каб ўвогуле скасаваць санкцыі адносна беларускіх уладаў, адзначыў Адам Ліпіньскі.
Адам Ліпіньскі: “Для Еўропы Беларусь ― гэта перадусім павінны быць добрыя дарогі і спакой. А добрыя дарогі і спакой гэта аўтарытарны рэжым, таму што ў такім рэжыме можна будаваць даволі якасныя дарогі і кантраляваць грамадства, і між іншым змагацца з бандытызмам. Таму што гэта адзін з “пазітыўных” у двукоссі эфектаў аўтарытарызму”.
Аднак калі забыцца пра дэмакратызацыю і засяродзіцца толькі на дарогах і спакоі, то з часам будзе з’яўляцца ўсё больш унутраных праблем. Яскравы прыклад – тое, што зараз адбываецца вакол Саюза палякаў, лічыць Адам Ліпіньскі.
Фота: prosto-free.livejournal.com