Польскі доктар: “У лесе шмат трупаў. Яны ўжо разарваныя жывёламі”
Gazeta Wyborcza пагутарыла з лекарамі, якія працуюць у лякарнях на польска-беларускім памежжы. Яны расказалі пра тое, у якім стане да іх паступаюць мігранты з Усходу, што трапілі ў Польшчу праз беларускую мяжу. Іх расказы шакуюць.
“Усе просяць аб адным: “Каб толькі не вяртацца туды, у Беларусь”
У лякарні ў Бельску Падляскім працуе доктар Арсалан Азадзін. Курд, жыве ў Польшчы 40 гадоў.
— Усе просяць аб адным: “Каб толькі не вяртацца туды”, — кажа доктар Азадзін. — “Туды” — на Беларусь. Кажуць: “Лепш памром, чым вернемся за дрот”. Таму што яны дзеляць свет на той, што перад памежным дротам, і далей.
Доктар расказвае, што большасць яго цяперашніх пацыентаў— з Ірака і Сірыі. Гісторыі трапляння ў Беларусь вядомыя: набывалі візы ў турфірмах, за квіток і візу плацілі каля 5 тысяч долараў. Яшчэ 8000 долараў павінны былі перавесці на рахунак фірмы пасля дасягнення канчатковага пункта прызначэння, часцей за ўсё ў Германіі. Для вялікай сям'і такая паездка каштуе дзясяткі тысяч долараў. Менавіта таму некаторыя людзі закладваюць дамы. Калі сям'я едзе на Захад, маёмасць завяраецца натарыяльна і перадаецца асобе, якая фінансавала паездку.
— Яны не ведалі, што з імі тут будзе, бо не рызыкавалі б жыццём сваіх дзяцей. І часта гэта нават немаўляты. Гэтыя людзі тыднямі сядзяць у лесе без даху над галовамі. Яны перажываюць жах. Бо культурна гэта было толькі напачатку, калі пасля прызямлення ехалі ў гатэль. Пазней іх, як жывёл, пагрузілі ў грузавікі, і з моманту прыезду ў лес пачалася драма, пра якую цяжка слухаць. Кажуць, месяц амаль не елі. Яны нічога не пілі, акрамя бруднай зеленаватай дажджавой вады. Бо за бутэльку вады беларусам трэба плаціць 100 еўра.
Многія гатовыя вярнуцца на радзіму, перакананы доктар, але беларускія сілавікі іх не пускаюць:
— Сёння пазнаёміўся з сямейнай парай. Сказалі, што хочуць вярнуцца. Камусьці заплацілі 700 долараў, каб іх завезлі ў аэрапорт. Завезлі, але зноў да польскай мяжы. Там іх збілі беларусы. У яе ёсць сляды на галаве, шыі і пазваночніку. Яна была без прытомнасці больш за гадзіну. Ён плакаў, што памерла, але ніхто не звяртаў увагі.
Адна курдская жанчына расказала, што побач з ёй тры дні памірала жанчына з дзіцем. Ніхто не рэагаваў. Людзі кажуць, што ў лесе шмат трупаў. Іх целы ўжо разарваныя жывёламі.
Малады спартовец расказаў, што беларусы забралі з сабой усё, што ў яго было, а калі ўбачылі польскія купюры, паклалі яму ў рот і загадалі есці. Прыставілі штык да горла і чакалі, пакуль ён праглыне.
Мне цяжка слухаць, глядзець на гэтую пакуту дзяцей і жанчын. Усе плачуць. Маці кажуць, што карміць дзяцей няма чым. Адна казала, што прасіла ў беларускага салдата вады, каб зрабіць малако для дзіцяці. Узяў малако, рассыпаў па зямлі і таптаў.
“Была настолькі аслабленая і абязводжаная, што я не магла выціснуць з яе пальца ні кроплі крыві”
Цяпер, піша Gazeta Wyborcza, у лякарнях менш мігрантаў, чым было яшчэ месяц таму: памежнікі, калі знаходзяць іх, самі ацэньваюць іх стан і толькі пры неабходнасці вязуць у бальніцы. Люцына Марціняк — адзіная лекарка ў Белавежы. Яна дапамагае ўцекачам і па-за працай. Кажа, што мясцовыя часта гуляюць па лесе з сабакамі. І сустракаюць там людзей — спалоханых, халодных, галодных, абязводжаных.
— Спачатку мы думалі, што калі акажам ім першую дапамогу і патэлефануем памежнікам, то яны пачнуць апекавацца ўцекачамі і распачнуць працэдуру атрымання прытулку. Але хутка высветлілася, што самая звычайная працэдура — адвезці іх назад на мяжу. З чалавечага пункту гледжання гэта было цяжка прыняць. Так што трэба было быць хутчэйшымі за памежнікаў. Паіць, карміць, пераапранаць і звяртацца па дапамогу да спецыялізаваных арганізацый. Акрамя таго, высветлілася, што многім патрэбна медыцынская дапамога, — расказвае Люцына.
Люцыну дзівіць, што вакол яе дзейнасці і дзейнасці актывістаў ствараецца атмасфера, што нібыта дапамагаючы мігрантам яны здраджваюць радзіме. Але, кажа, гаворка ідзе проста пра людзей, якім патрэбна дапамога.
— У лясах мы сустракаем самых слабых і ашуканых. Вядома, можна сказаць, што гэта быў іх выбар, але часта гэта драматычны выбар. З трыма-чатырма дзецьмі з дому і краіны ніхто не выязджае, калі там няма драмы, — перакананая доктарка.
Аднойчы Люцына даведалася пра сірыйку з цукровым дыябетам, якая знаходзілася ў лесе. Яна апісвае, як выглядала яе выратаванне і чаму важна, калі мігранты ўсё ж атрымліваюць афіцыйную медыцынскую дапамогу.
— Яна была загорнута ў пяць спальных мяшкоў. Была настолькі аслабленая і абязводжаная, што я не магла выціснуць з яе пальца ні кроплі крыві, каб вымераць цукар. Мае рукі дрыжалі ад холаду і нервовасці. Я змяніла лічыльнік. Але ў яе пальцах нічога не было. Абсалютна нічога. Яе прыйшлося выцягваць з гэтага лесу. Яе неслі пяць чалавек. Была ноч. Мы не маглі свяціцца, каб не прыцягваць увагі. Раз-пораз нехта спатыкаўся або абутак граз у балоце.
Думаю, мала хто разумее, што пушча — гэта не звычайны лес. Гэта першабытны лес з вялікай колькасцю мёртвай драўніны. Вынесці чалавека з месца, дзе часам даводзіцца пераходзіць праз балота, ваду, якая даходзіць да сцёгнаў, надзвычай цяжка. А калі тэмпература апускаецца да нуля, гэта экстрэмальная сітуацыя.
Я не ведаю, адкуль у гэтых людзей, якія там знаходзяцца цэлымі сем’ямі, ёсць сілы гэта вытрымаць. У іх ёсць рашучасць, але і вялікі страх перад бальніцай. Таму што шмат разоў сем’і раз’ядноўваліся. Яны баяцца, што больш ніколі не ўбачацца. Часам цяжка растлумачыць, што іншага выйсця няма. Тым часам гэта для іх шанец. Таму што знаходжанне ў лякарні дапамагае завяршыць працэдуру атрымання прытулку. Патрапіўшы ў бальніцу, яны таксама становяцца пацыентамі з імем. Гэта ўжо не ананім, запакаваны ў грузавік і пагнаны назад на мяжу. Яны пачынаюць існаваць.
Доктарка стала сведкай аднаго цяжкага развітання, знайшоўшы ў лесе двух хлопцаў, аднаму з якіх была патрэбная шпіталізацыя:
— Гэтыя маладыя хлопцы развітваліся перад намі. Напэўна, не ведаючы, ці ўбачацца яны яшчэ раз. І ніхто з нас не вытрымаў. Усе адвярнулі вочы. Бо яны ўчапіліся адзін у аднаго, і мы нават гэта чулі. Не плач, а выццё, голас аднекуль з глыбіні. Я нашу ў сабе гэты вобраз і гэты гук. Гэта было нешта несапраўднае. На наступны дзень я наведала аднаго з гэтых хлопцаў у бальніцы. Мяркую, што ніхто ніколі не быў рады бачыць мяне так, як ён. І гэта той момант, калі думаеш: трэба працягваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.